Мінск 18:12

У бальніцы памёр яшчэ адзін пацярпелы ў аварыі на поўдні Беларусі, распачатая крымінальная справа

Фота: прэс-служба СК

15 ліпеня, Позірк. Раніцай 15 ліпеня ў бальніцы памёр адзін з пацярпелых у аўтамабільнай аварыі, якая здарылася напярэдадні позна ўвечары ў Жыткавіцкім раёне (Гомельская вобласць), паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Раней Міністэрства ўнутраных спраў заявіла, што аварыя здарылася 14 ліпеня бліжэй да апоўначы на трасе Р-88 (Жыткавічы — Давыд-Гарадок — мяжа Украіны).

BMW з 29-гадовым кіроўцам за стырном сутыкнуўся з грузавіком ЗІЛ, які рухаўся ў спадарожным напрамку. Кіроўца легкавога аўтамабіля і яго 18-гадовы пасажыр загінулі на месцы, яшчэ двое, якія знаходзіліся ў салоне (29 і 30 гадоў), былі шпіталізаваныя.

Паводле новай інфармацыі ад СК, у медустанове памёр 30-гадовы пасажыр. Ведамства таксама ўдакладніла, што аварыя здарылася на 14-м кіламетры згаданай трасы.

Жыткавіцкі раённы аддзел СК узбудзіў крымінальную справу паводле ч. 3 ст. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула з неасцярожнасці смерць дзвюх або больш асоб).

Прызначаны шэраг экспертыз. СК шукае відавочцаў дарожна-транспартнага здарэння.

Падзяліцца: