Мінск 17:43

За суткі ў Беларусі патанула пяць чалавек — ТРВОД

Фота: ТРВОД

16 ліпеня, Позірк. За мінулыя суткі ў вадаёмах Беларусі патанула пяць чалавек, паведамляе Рэспубліканскае таварыства ратавання на водах (ТРВОД).

Падрабязнасці не прыводзяцца.

Аб траіх патанулых паведамляецца ў аператыўнай сутачнай зводцы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Каля 6:00 15 ліпеня з Заходняй Дзвіны ў Віцебску вынята цела жанчыны 1989 года нараджэння.

Увечары гэтага ж дня канстатаваная смерць мужчыны 1975 г.н., патанулага ў рацэ Пліса ў Жодзіне (Мінская вобласць).

Пасля 21:00 у МНС паступіла паведамленне аб выяўленні патанулага ў штучным вадаёме каля вёскі Бярозаўка Салігорскага раёна (Мінская вобласць). Супрацоўнікамі ведамства выняты з вады мужчына 1962 г.н.

Паводле звестак ТРВОД, 14 ліпеня патанулі два чалавекі. Столькі ж загінула праз утапленні за выходныя 12–13 чэрвеня.

Па стане на 19 чэрвеня з пачатку 2025 года ў Беларусі ад утапленняў загінула 108 чалавек (з іх пяць дзяцей), за аналагічны перыяд 2024-га — 109 (5), паведаміў на прэс-канферэнцыя ў Мінску 19 чэрвеня начальнік аддзела цэнтра вадалазна-выратавальнай службы рэспубліканскага атрада спецпрызначэння “ЗУБР” МНС Андрэй Войцік.

10 чэрвеня афіцыйны прадстаўнік МНС Яўген Бараноўскі паведамляў, што з пачатку траўня 2025 года ў Беларусі патануў 31 чалавек. За аналагічны перыяд мінулага года пры купанні патанула 16 чалавек. Такую вялікую розніцу прадстаўнік ведамства звязвае ў першую чаргу з умовамі надвор’я, якія “не дазволілі паўнавартасна адкрыць новы купальны сезон”.

16 ліпеня Следчы камітэт паведаміў, што з 1 траўня супрацоўнікі ведамства “выбывалі 44 разы па паведамленні пра ўтапленне людзей”, сярод загінулых — трое дзяцей.

Паводле звестак СК, за першае паўгоддзе ў ваннах патанула трое непаўналетніх, яшчэ адзін загінуў, праваліўшыся ў калодзеж.

Падзяліцца: