Мінск 23:39

У Віцебскім раёне падчас сельгасработ згарэў камбайн

16 ліпеня, Позірк. Другі за тры апошнія дні камбайн згарэў пры выкананні сельскагаспадарчых работ, вынікае з праведзенага “Позіркам” маніторынгу сутачных зводак Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Кормаўборачны камбайн КВК-800 “Палессе FS80” (2010 год выпуску) знішчаны агнём 15 ліпеня ў полі каля вёскі Серкуці Сенненскага раёна (Віцебская вобласць).

Папярэдняе падобнае здарэнне зафіксаванае 13 ліпеня каля вёскі Пятровічы Ашмянскага раёна (Гродзенская вобласць).

Раней паведамлялася, што на аб’ектах АПК з пачатку года агнём было пашкоджана або знішчана 14 адзінак тэхнікі.

Такім чынам, іх колькасць павялічылася да 16.

Паводле падлікаў “Позірку”, у 2024 годзе на аб’ектах аграпрамысловага комплексу ў выніку ўзгаранняў было знішчана або пашкоджана мінімум 73 адзінкі тэхнікі і абсталявання.

За пяць гадоў у Беларусі істотна зменшылася колькасць асноўных відаў тэхнікі, машын і абсталявання ў сельскагаспадарчых арганізацыях, вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Стала менш камбайнаў: збожжаўборачных — на 14,6% (з 8.798 на канец 2019 года да 7.514 на канец 2024-га), бульбаўборачных — на 32,9% (з 778 да 522), буракаўборачных — на 27,5% (з 298 да 216), кормаўборачных — на 11,6% (з 4.138 да 3.660), ільноўборачных — на 30,1% (з 428 да 299).

Колькасць трактароў у гаспадарках зменшылася на 9,6% (з 38.966 да 35.241), грузавых аўтамабіляў — на 14,8% (з 17.873 да 15.228).

Даільных установак і агрэгатаў стала менш на 15,4% (з 10.758 да 9.096), бульбакапальнікаў — на 35,3% (з 1.254 да 811), бульбасажалак — на 28% (з 1.198 да 862), зернеачышчальных машын — на 12,7% (з 6.939 да 6.059), зернеачышчальна-сушыльных комплексаў — на 19,6% (з 2.559 да 2.057).

Падзяліцца: