Мінск 17:27

Беларусь і Тайланд зацікаўленыя ва ўсталяванні бязвізавага рэжыму — МЗС

Ілюстрацыйнае фота: Markus Winkler / unsplash.com

17 ліпеня, Позірк. Узаемная зацікаўленасць у тым, каб як мага хутчэй падпісаць пагадненні аб бязвізавым рэжыме і аб арганізацыі прамых авіязносін, была выказаная 16 ліпеня ў Бангкоку на сустрэчах міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова са спікерам парламента Тайланда Нурам Матхай і кіраўніком МЗС гэтай краіны Марысам Сангіампхонгса.

Паводле інфармацыі беларускага знешнепалітычнага ведамства, праекты адпаведных пагадненняў знаходзяцца на разглядзе тайландскага боку.

На сустрэчы Рыжанкова і намесніка міністра гандлю Тайланда Чантавіта Тантасіта быў падпісаны міжурадавы мемарандум аб узаемаразуменні аб стварэнні сумеснага камітэта па гандлёва-эканамічнай супрацы.

Адзначаецца, што кіраўнік тайскай дыпламатыі Сангіампхонгса прапанаваў, каб на чале згаданага камітэта былі кіраўнікі МЗС. Такі крок, на яго думку, “падвысіць эфектыўнасць” гэтай структуры.

Старшыня Нацыянальнай асамблеі Нур Матха на сустрэчы з Рыжанковым назваў стварэнне сумеснага камітэта “важным крокам на шляху да пагаднення аб свабодным гандлі паміж ЕАЭС і Тайландам”. Паводле інфармацыі МЗС, спікер тайскага заканадаўчага органа “пацвердзіў накіраванае раней запрашэнне для кіраўніка ніжняй палаты беларускага парламента, выказаўшы гатоўнасць асабіста наведаць Беларусь і садзейнічаць фармаванню групы сяброўства”.

Паводле інфармацыі МЗС Беларусі, візіт Рыжанкова стаў першым у гісторыі двухбаковых стасункаў.

Паводле інфармацыі на сайце амбасады Беларусі ў В’етнаме, якое курыруе таксама стасункі з Бангкокам, у сакавіку 2016 года адбыўся афіцыйны візіт у Тайланд старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Тады гэтую пасаду займаў Уладзімір Андрэйчанка.

Там жа адзначаецца, што ў 2021 годзе двухбаковы абарот склаў 134,9 млн долараў (беларускія пастаўкі — 94,8 млн). Аснову беларускага экспарту ў Тайланд тады складалі пушна-футравая сыравіна, малочная сыроватка, тэхнічны вуглярод. Вядучыя пазіцыі імпарту: шыны, вылічальная апаратура, арэхі і садавіна, палімеры этылену, тэкстыль.

11 лютага 2025 года стала вядома, што прэм’ер-міністр Тайланда Пхетхангтан Тчынават павіншавала Аляксандра Лукашэнку з падаўжэннем паўнамоцтваў. Яна выказала спадзеў на тое, што пры “непасрэдным удзеле” Лукашэнка абедзве дзяржавы “будуць і далей умацоўваць двухбаковыя стасункі і адкрыюць новыя магчымасці для супрацы ў галінах, якія прадстаўляюць узаемны інтарэс”.

Гатоўнасць Беларусі да “актывізацыі беларуска-тайландскай супрацы ў палітычнай і гандлёва-эканамічнай галінах” пацвердзіў Лукашэнка, віншуючы 5 снежня 2024 года грамадзян Тайланда і караля гэтай краіны Маху Вачыралонгкорна з Нацыянальным днём.

З паслання вынікала, што афіцыйны Мінск жадае пашыраць “дзелавыя і гуманітарныя кантакты”, развіваць “канструктыўнае ўзаемадзеянне на міжнародных пляцоўках”.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Тайландам усталяваныя 21 ліпеня 1992 года.

Падзяліцца: