Мінск 22:15

Пагрозы бяспецы людзей пасля аварыі на “Магілёўхімвалакне” няма — кіраўнік МНС

Відэа: МНС Скрыншот: “Позірк”

17 ліпеня, Позірк. Аб адсутнасці пагрозы бяспецы людзей, персаналу і жыхароў Магілёва ў выніку аварыі на ААТ “Магілёўхімвалакно” заявіў міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі 17 ліпеня ў ходзе ацэнкі аднаўленчых работ на прадпрыемстве пасля праходжання навальнічнага фронту.

“Пытанні па забеспячэнні бяспекі самога прадпрыемства і недапушчэнні выхаду хімічна шкодных рэчываў былі ўрэгуляваныя яшчэ на стадыі самой аварыі”, — цытуе чыноўніка прэс-служба МНС.

Паводле яго слоў, работа па аднаўленні прадпрыемства вядзецца па некалькіх напрамках: расчыстка тэрыторыі, аднаўленне энергетычнай інфраструктуры, падключэнне і замена сістэмы энергазабеспячэння, аднаўленне кабельных ліній.

Пасля рамонтных і аднаўленчых работ, звязаных з стыхіяй, без электраэнергіі застаецца прадпрыемства “Магілёўхімвалакно”, паведаміў 14 ліпеня дзяржСМІ міністр энергетыкі Дзяніс Мароз.

Кіраўнік ведамства адзначыў, што поўнае аднаўленне электразабеспячэння на прадпрыемстве зойме “не менш за тыдзень”.

Больш за 90% акцый ААТ “Хімвалакно “належыць дзяржаве, прадпрыемства ўваходзіць у канцэрн “Белнафтахім”.

Раней Сіняўскі паведамляў, што пасля грозавага фронту ў ноч на 10 ліпеня паступіла 4,5 тыс. зваротаў па дапамогу. Паводле яго слоў, непагадзь “нанесла значны ўрон 27 населеным пунктам”.

У найбольш пацярпелым Магілёве было абясточана пяць ліній электраперадачы напругай 110 кВт. З-за выхаду са строю мясцовай ЦЭЦ-2 спынялася “Магілёўхімвалакно” (больш за 90% акцый належыць дзяржаве, уваходзіць у канцэрн “Белнафтахім”).

У той жа дзень падзенне дрэва падчас непагадзі прывяло да гібелі жанчыны ў Магілёве. Гэта адбылося на рацэ Дняпро, куды 32-гадовая жанчына разам з мужам напярэдадні вечарам прыехала на рыбалку.

На 18 ліпеня Белгідрамет абвясціў аранжавы ўзровень небяспекі ў трох абласцях — Мінскай, Гродзенскай і Віцебскай. Чакаюцца моцныя залевы і шквалістае ўзмацненне ветру парывамі 15–20 м/с. У Мінску днём чакаецца навальніца. Тэмпература паветра ўдзень дасягне 26 градусаў.

Аранжавы ўзровень небяспекі па ўсёй краіне або асобных рэгіёнах Белгідрамет рэгулярна абвяшчае з 7 ліпеня.

На 15 ліпеня па ўсёй Беларусі абвяшчаўся максімальны, чырвоны, узровень небяспекі.

Падзяліцца: