Мінск 21:38

Пасля ўмяшання пракуратуры кіраўнік Мінпрыроды выказаў заклапочанасць забруджваннем Дняпра

Днепр у раёне Лоева
Ілюстрацыйнае фота: Дзмітрый Іўчанка / Фотаэнцыклапедыя Беларусі

18 ліпеня, Позірк. Сітуацыя з парушэннямі экалагічных нормаў на рацэ Днепр выклікае “сур’ёзную заклапочанасць”, заявіў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк у адказ на выяўленыя Генеральнай пракуратурай факты забруджвання паверхневых вод.

Раней наглядны орган выявіў 12,3 тыс. фактаў забруджвання вод, у тым ліку басейна Дняпра — 4 тыс.

“Мы дэталёва вывучаем кожнае выяўленае парушэнне, — цытуе Масляка прэс-служба Мінпрыроды. — Для фармавання поўнай карціны запытваецца і аналізуецца ўся неабходная дадатковая інфармацыя. Нам важна высветліць не толькі канкрэтныя выпадкі, але і сістэмныя прычыны, якія прывялі да гэтых збояў у захаванні прыродаахоўнага і воднага заканадаўства”.

Па выніках аналізу Мінпрыроды плануе адкарэктаваць сістэму рэгулявання і маніторынгу трансгранічных вадацёкаў, каб выключыць паўтарэнне такіх парушэнняў, а таксама актывізаваць працу басейнавых саветаў.

Да службовых асоб, “з чыёй віны або недагляду былі дапушчаныя парушэнні і не выкананыя неабходныя прыродаахоўныя мерапрыемствы”, паводле слоў міністра, будуць выкарыстаныя “вычарпальныя меры ўздзеяння ў адпаведнасці з заканадаўствам”.

“Перакананы, што сумесныя намаганні Генеральнай пракуратуры, Міністэрства прыродных рэсурсаў, мясцовых уладаў і грамадскасці дадуць магчымасць не толькі ліквідаваць наступствы выяўленых парушэнняў, але і стварыць надзейныя механізмы прадухілення такіх сітуацый у будучым, забяспечыўшы ўстойлівае кіраванне і ахову водных рэсурсаў трансгранічнага Дняпра для цяперашняга і будучых пакаленняў”, — сказаў Масляк.

Генпракуратура 14 ліпеня паведаміла, што Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя “не была створаная сістэма рэагавання на такія факты, з-за чаго не ставілася пытанне пра кампенсацыю нанесенай экалогіі шкоды”.

“Факты фіксацыі адмоўнага змянення стану водных аб’ектаў заставаліся працяглы час без перагляду іх статусу, а сетка пунктаў назіранняў Мінпрыроды не ўдасканальвалася”, — заявіў наглядны орган.

Пракуроры канстатавалі невыкананне многіх пунктаў дзейнага Плана кіравання басейнам ракі Днепр. У прыватнасці, землекарыстальнікі не рэалізавалі больш як 750 мерапрыемстваў (16%): знос будынкаў, будаўніцтва дажджавой каналізацыі, добраўпарадкаванне тэрыторыі і іншыя, не ліквідавалі 1,43 тыс. безгаспадарных гідратэхнічных збудаванняў (шлюзы, дамбы ды інш.).

Сярод іншага адзначалася, што праз “невыкананне тэрмінаў будаўніцтва і недастатковае фінансаванне за справаздачны перыяд не ўведзена ў эксплуатацыю 12 ачышчальных збудаванняў”. Пры гэтым пракуроры выявілі выпадкі невыканання праграмы па рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў у Гомельскім, Рагачоўскім, Кармянскім і Аршанскім раёнах.

Па выніках праверкі намеснік генпракурора ўнёс прадстаўленне міністру прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у якім запатрабаваў выправіць выяўленыя парушэнні.

У Беларусі рэалізоўваліся некалькі еўрапейскіх праектаў, скіраваных на ўстойлівае кіраванне воднымі рэсурсамі басейнаў рэк, у прыватнасці Дняпра і Прыпяці. Напрыклад, праграма EUWI+ (European Water Initiative Plus), якая функцыянавала ў Беларусі да 2020 года, мела агульны бюджэт для шасці краін, у тым ліку Беларусі, звыш 24,5 млн еўра.

Праект E-40 “Днепр — Вісла” быў скіраваны на аднаўленне воднага шляху ад Балтыкі да Чорнага мора з агульным бюджэтам каля 900 тыс. еўра.

Праект “Чыстыя рэкі” (ENI CBC Польшча — Беларусь — Украіна) быў рэалізаваны на рацэ Мухавец (басейн Прыпяці), агульны бюджэт 2,6 млн еўра.

Аднак супраца з Мінскам у выглядзе міжнароднай тэхнічнай дапамогі была прыпыненая амаль ва ўсіх кірунках у сувязі з рэпрэсіямі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і ўдзелам краіны ў расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Падзяліцца: