Мінск 23:24

Лукашэнка ўсё яшчэ чакае “адчувальных вынікаў” ад супрацы Беларусі і Нікарагуа

Манагуа, сталіца Нікарагуа
Ілюстрацыйнае фота: Roberto Zuniga / pexels.com

19 ліпеня, Позірк. “Узаемавыгаднае партнёрства” Беларусі і Нікарагуа ў палітыцы, культуры, гандлі і эканоміцы, заснаванае на “прынцыпах павагі, даверу, надзейнасці і адкрытасці”, штогод узмацняецца і “ў хуткім часе прынясе адчувальныя вынікі для абедзвюх краін”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 19 ліпеня гэту краіну ў Цэнтральнай Амерыцы з “46-й гадавінай трыумфу Сандынісцкай рэвалюцыі”.

Віншаванне адрасаванае супрэзідэнтам Нікарагуа — Даніэлю Артэгу і яго жонцы Расарыа Мурыльа (інстытут двоеўладдзя, які фактычны замацоўвае сямейны рэжым праўлення, дзейнічае са студзеня 2025 года), а таксама грамадзянам краіны.

Мінск, як вынікае з апублікаванага прэс-службай віншавальніка паслання, гатовы “і надалей удзельнічаць у працэсах паляпшэння інфраструктуры, мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі і павышэння якасці жыцця грамадзян Нікарагуа”.

“Перакананы, што сумеснымі намаганнямі мы зможам цалкам рэалізаваць патэнцыял нашай супрацы ва ўсіх сферах узаемнага інтарэсу”, — адзначыў Лукашэнка.

На яго думку, сёння “Сандынісцкі фронт нацыянальнага вызвалення з гонарам працягвае сваю планамерную работу, аснову якой складаюць штодзённы клопат пра звычайнага чалавека і будаўніцтва справядлівага і ўстойлівага грамадства”.

Варта адзначыць, што пра “адчувальныя вынікі”, якія ў “хуткім часе” пачне даваць двухбаковая супраца, Лукашэнка заяўляў і ў леташнім віншаванні на адрас кіраўніцтва Нікарагуа.

Сёлета ў сярэдзіне красавіка Савет міністраў Беларусі зацвердзіў дадатковае пагадненне з Нікарагуа аб выдзяленні экспартных крэдытаў на пастаўкі беларускай тэхнікі.

18 ліпеня 2023 года Лукашэнка ўхваліў праект пагаднення паміж урадамі Беларусі і Нікарагуа аб узаемнай адмене візавых патрабаванняў. Дагавор набыў моц у лютым 2024 года.

Тагачасны прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка 14 ліпеня 2023 года падпісаў праект міжурадавага пагаднення з Нікарагуа пра стварэнне сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічнай супрацы.

15 ліпеня 2024 года Лукашэнка ўхваліў праекты міжурадавых пагадненняў Беларусі з Кубай і Нікарагуа аб “супрацы і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах”.

Амбасада Беларусі на Кубе (па сумяшчальніцтве адказвае за стасункі з Нікарагуа) не прыводзіць ніякіх лічбаў узаемнага гандлю Мінска і Манагуа. Схематычны графік на сайце дыпмісіі дае зразумець, што аб’ём гандлю паміж дзвюма краінамі з 2017 года пераважна падаў, склаўшыся ў 2021 годзе прыкладна на ўзроўні 1,2 млн долараў (большая частка прыпадае на беларускі экспарт). Пазнейшая краінавая статыстыка знешняга гандлю Белстатам засакрэчаная.

Нікарагуа традыцыйна падтрымлівае Беларусь і Расію на міжнародным узроўні, напрыклад, не прымаючы скіраваныя супраць іх рэзалюцыі Генасамблеі ААН. Некаторыя эксперты сцвярджаюць, што ўлады краіны фактычна гандлююць сваім палітычным голасам на міжнароднай арэне.

Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком МЗС Нікарагуа Дэнісам Манкада Каліндрасам 19 траўня 2023 года ў Мінску адкрыта захапіўся палітычнай дзейнасцю аўтарытарнага прэзідэнта Артэгі.

Нікарагуа аднесена да катэгорыі небяспечных краін для беларусаў, якія пераследуюцца на радзіме з палітычных матываў, гаворыцца ў даследаванні арганізацыі “Прававая ініцыятыва”.

Падзяліцца: