Мінск 22:38

Лукашэнка зацікаўлены досведам Самарскай вобласці ў ракета-і самалётабудаванні

21 ліпеня, Позірк. Мінск зацікаўлены ў досведзе Самарскай вобласці ў ракета- і самалётабудаванні, заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з губернатарам гэтага расійскага рэгіёна Вячаславам Федарышчавым 21 ліпеня ў Мінску.

“Космас, ракетабудаванне, авіябудаванне — вось тое, што нас вельмі цікавіць у Самары. Ракетабудаванне ў вас на найвышэйшым узроўні”, — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Паводле яго, у частцы распрацовак для космасу Беларусь супрацоўнічае з Расіяй і пасля сыходу ад супрацоўніцтва заходніх партнёраў у следства санкцый “прадпрыемствы гэтыя захаваныя — “Інтэграл“, БелОМА і іншыя, якія робяць і абсталяванне для вытворчасці гэтых чыпаў“. 

“Сёння абыходзімся. Усё лётае”, — сказаў палітык.

Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, у Беларусі “сур’ёзна прасунуліся ў сферы авіябудавання“, рэалізуецца сумесны з РФ праект па стварэнні 19-мясцовага шматмэтавага самалёта “Асвей“, “вытворчасць камплектуючых“.

“Асвей” мы створым абавязкова. Мы выканаем свае абавязацельствы. Мы гатовыя тут працаваць. Вы ведаеце, што ў нас магутная рамонтная база па самалётабудаванні, верталётабудаванні, па бронетэхніцы. Мы яе развіваем да ўзроўню вытворчасці, каб мы маглі не толькі рамантаваць, але і вырабляць”, — сказаў ён.

Таксама, са слоў Лукашэнкі, Мінск пераарыентуе сваю дыпламатычную прысутнасць з заходніх краін на тыя дзяржавы, “якія хочуць развіваць супрацоўніцтва, і гэта перш за ўсё Расійская Федэрацыя“.

“Той рэзерв дыпламатаў, які ў нас сёння створаны, мы гатовыя перанакіраваць з захаду на ўсход. Не хочуць працаваць з Беларуссю — сёння ў свеце дастаткова дзяржаў, якія з задавальненнем з намі супрацоўнічаюць”, — канстатаваў ён.

Аб стварэнні сумеснага з Расіяй самалёта паведаміў у ліпені 2023 года ў той час прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.

У студзені 2024 года цяпер старшыня Берасцейскага аблвыканкама Пётр Пархомчык, які займаў тады пасаду віцэ-прэм’ера, заявіў, што першыя беларуска-расійскія самалёты плануецца выпусціць “да 2026 года”, да 2030-га іх колькасць павінна скласці “85–100 штук”. Тады ён паведаміў, што для рэалізацыі праекта “трэба будзе пабудаваць 20 тыс. квадратных метраў дадатковых вытворчых плошчаў і набыць каля сотні адзінак высокаскладовага абсталявання”.

У красавіку мінулага года Пархомчык і віцэ-прэм’ер РФ — міністр прамысловасці і гандлю Дзяніс Мантураў падпісалі пагадненне аб сумеснай вытворчасці лёгкага шматмэтавага самалёта.

11 кастрычніка таго ж года Лукашэнка падпісаў закон, які ратыфікуе міжурадавае пагадненне “аб распрацоўцы і арганізацыі серыйнай вытворчасці двухрухальнага лёгкага шматмэтавага самалёта”Асвей”.

За рэалізацыю доследна-канструктарскай работы па распрацоўцы самалёта адказваюць Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Беларусі і Міністэрства прамысловасці і гандлю РФ. Галоўны выканаўца з расійскага боку-Уральскі завод грамадзянскай авіяцыі, беларускі сувыканавец-558-ы Авіяцыйны рамонтны завод.

558-ы авіярамонтны завод знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі.

Падзяліцца: