У РФ накіраваная ў суд справа беларуса Ерамеева, які абвінавачваецца ў падрыве цягнікоў на БАМе

23 ліпеня, Позірк. Крымінальная справа грамадзяніна Беларусі Сяргея Ерамеева, якога ў Расіі абвінавацілі ў тэрактах 29 і 30 лістапада 2023 года на Байкала-Амурскай магістралі (БАМ), на мінулым тыдні накіраваная ў 2-і Усходні акруговы вайсковы суд РФ для сутнаснага разгляду, паведамляе прэс-служба расійскай Генеральнай пракуратуры.
Мужчыну інкрымінаваныя ч. 2 арт. 2054 (арганізацыя тэрарыстычнай супольнасці і ўдзел у ёй), пункты “а” і “в” ч. 2 арт. 205 (тэрарыстычны акт), арт. 2053 (праходжанне навучання ў мэтах ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці), ч. 3 арт. 2261 (кантрабанда выбуховых прыстасаванняў) і ч. 4 арт. 2221 (незаконныя набыццё, перадача, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне выбуховых прыстасаванняў) Крымінальнага кодэкса РФ.
Паводле версіі следства, “Ерамееў за грашовую ўзнагароду ўвайшоў у склад тэрарыстычнай супольнасці, створанай для здзяйснення выбухаў на аб’ектах транспартнай інфраструктуры Усходне-Сібірскай чыгункі з мэтай уздзеяння на прыняцце органамі ўлады Расійскай Федэрацыі рашэння аб спыненні спецыяльнай ваеннай аперацыі” (так улады Расіі называюць развязаную ёю поўнамаштабную вайну супраць Украіны).
Сцвярджаецца, што Ерамееў атрымаў самаробныя выбуховыя прыстасаванні, пульты кіравання імі, прайшоўшы перад гэтым адпаведнае навучанне.
Прыбыўшы ў Бурацію, ён “усталяваў пульты перад уездам у Паўночна-Муйскі тунэль, а СВП заклаў на вагонах-цыстэрнах з дызельным палівам двух грузавых цягнікоў на бліжэйшых станцыях”.
Пракуратура заяўляе, што падрывы самаробных выбуховых прыстасаванняў былі здзейсненыя 29 лістапада 2023 года ў Паўночна-Муйскім тунэлі, а 30 лістапада на перагоне Перавал — Гарачы Ключ Усходне-Сібірскай чыгункі (абыход Паўночна-Муйскага тунэля).
Гэта прывяло да разбурэння вагонаў-цыстэрнаў, узгарання і разліву паліва, пашкоджання чыгуначнай інфраструктуры, у тым ліку элементаў тунэля. Сума шкоды уласнікам маёмасці перавысіла 102 млн расійскіх рублёў.
Была парушаная праца транспартнай магістралі федэральнага значэння, затрыманыя цягнікі. Падкрэсліваецца, што выбухі стварылі небяспеку для супрацоўнікаў цягніковых брыгад і асоб, што рухаліся ў цягніках.
5 снежня 2024 года паведамлялася, што па справе Ерамеева завершаныя асноўныя следчыя дзеянні.
Тады расійскае выданне “Коммерсантъ” заявіла, што ў 2023 годзе з Ерамеевым звязаўся нейкі грамадзянін Беларусі на імя Аляксей Сакалоў, “абвінавачаны на радзіме ў дзяржздрадзе, і які пражывае то ў Літве, то ў Польшчы”. Ён нібыта паведаміў, што “супрацоўнічае з СБУ”, і прапанаваў Ерамееву “зладзіць акцыі ў Расіі”.
Па дасланых з-за мяжы каардынатах, як пісала медыя, “згодна з яго ж паказаннямі”, Ерамееў знайшоў гараж у Наваполацку (Віцебская вобласць), “у якім быў абсталяваны тайнік”. У ім знаходзілася восем магнітных мін і аванс — 4 тыс. долараў. Пасля гэтага Ерамееў нібыта адправіўся на машыне ў Рэспубліку Бурація (РФ), дзе замінаваў і падарваў два саставы, атрымаўшы за гэта на банкаўскую карту суму, эквівалентную 2 тыс. долараў.
Сцвярджалася, што ён прызнаў віну падчас следства.
Пра затрыманне Ерамеева ў Омскай вобласці Расіі паводле падазрэння ў здзяйсненні тэракту паведаміла 7 снежня 2023 года Федэральная служба бяспекі РФ.
Ведамства сцвярджала, што мужчына “даў прызнальныя паказанні пра выняццё на падставе задання грамадзяніна Беларусі 1981 г.н., які пражывае ў Літве і дзейнічае пад кантролем украінскіх спецслужбаў, з тайніку васьмі выбуховых прыстасаванняў, дастаўцы іх на асабістым аўтамабілі ў Бурацію і закладцы на цыстэрнах грузавых цягнікоў”.
Сцвярджалася, што “затрыманы падарваў саставы з нафтапрадуктамі, якія рухаліся па маршрутах Тайшэт — Тында і Тайшэт — Нярунгры, 29 і 30 лістапада ў Бураціі”. “Калі яны праходзілі па Паўночнамуйскім тунэлі і абводным шляху Байкала-Амурскай магістралі, спрацавалі закладзеныя выбуховыя прыстасаванні, што стала прычынай узгарання цыстэрнаў з гаруча-змазвальнымі матэрыяламі”, — гаварылася ў заяве спецслужбы.
Ерамееў паведаміў, што хацеў паралізаваць рух на чыгунцы: “Я напісаў у тлумачэнні, што праз БАМ зараз вязуць боепрыпасы… Галоўная мэта была перашкодзіць руху”.
Ерамееў — экс-супрацоўнік наваполацкага нафтаперапрацоўчага завода “Нафтан”, удзельнік страйку на прадпрыемстве ў 2020 годзе. На прадпрыемстве працаваў прыбарыстам кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі.
- ЭканомікаЗамежныя інвестыцыі ў асноўны капітал па пазабанкаўскіх крэдытах за пяць гадоў зменшыліся ў 38 разоў — даныя БелстатаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаМАРГ анансаваў пастанову Саўміна, якая будзе рэгуляваць адносіны пастаўшчыкоў і гандлёвых сетак пры рэалізацыі гародніны і садавіныМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаУдзельная вага інтэрнэт-гандлю ў рознічным тавараабароце за два гады вырасла ўдвая — МАРГМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ГрамадстваПадлеткавая злачыннасць знізілася па выніках першага паўгоддзя, заяўляюць у Генпракуратуры і МУСМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+