Мінск 21:56

У Мінску будуць судзіць двух замежнікаў за выкраданне і вымагальніцтва

23 ліпеня, Позірк. Пракуратура Цэнтральнага раёна Мінска накіравала ў суд крымінальную справу двух замежных грамадзян (21 і 29 гадоў), якім ставяць у віну выкраданне чалавека і вымагальніцтва, “здзейсненыя групай асоб з мэтай атрымання маёмаснай выгады”, паведаміла 23 ліпеня Генеральная пракуратура са спасылкай на пракуратуру сталіцы.

Паводле матэрыялаў справы, “абвінавачаныя ў снежні 2024 года, дзейнічаючы групай асоб, выкралі замежнага грамадзяніна і з ужываннем да яго гвалту вымагалі ў сваякоў грашовыя сродкі”.

“У прыватнасці, яны змясцілі ў адну з кватэр у г. Мінску пацярпелага нібыта для аказання дапамогі ў перамяшчэнні праз мяжу ў краіны Еўрасаюза, — гаворыцца ў паведамленні. — Пазней закрылі яго ў ванным пакоі, сталі пагражаць забойствам і нанясеннем цялесных пашкоджанняў. Фігуранты прымусілі пацярпелага цалкам зняць адзенне, нанеслі не менш за 24 удары нагамі, металічнай трубой і ножкай ад зэдліка, не менш за 13 парэзаў нажом, затушылі запалены недапалак цыгарэты аб пацярпелага, а таксама іншымі спосабамі катавалі яго”.

Наглядны орган адзначыў, “абвінавачаныя патрабавалі ў пацярпелага, а таксама праз перапіску і тэлефонныя размовы, у тым ліку відэазванка, і ў яго маці грашовыя сродкі на агульную суму 2 млн індыйскіх рупій, што паводле курсу Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь склала звыш 81 тыс. рублёў”.

Дзеянні абвінавачаных кваліфікаваныя паводле пунктаў 3, 6 і 7 ч. 2 арт. 182 (выкраданне чалавека), ч. 3 арт. 208 (вымагальніцтва) Крымінальнага кодэкса. Яны пакінутыя пад вартай.

Варта адзначыць, што сёлета гэта не першы такі выпадак. 28 сакавіка сталічная пракуратура паведамляла, што ў Мінскі гарадскі суд накіраваная справа аб выкраданні двух замежных грамадзян і вымагальніцтве.

Тады абвінавачанні паводле ч. 2 арт. 182 і ч. 3 арт. 208 КК былі выстаўленыя 31-гадоваму замежнаму грамадзяніну. Паведамлялася, што абвінавачаны ў жніўні 2024 года, “дзейнічаючы групай асоб, выкраў двух чалавек і з ужываннем да іх гвалту вымагаў у іх сваякоў грашовыя сродкі”.

З вясны 2021 года на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца міграцыйны крызіс. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Падзяліцца: