Мінск 05:26

Полк Каліноўскага абвясціў збор сродкаў для двух параненых у 2023 годзе байцоў, яны праходзяць лячэнне ў ЗША

Крыніца: kalinouski.org

23 ліпеня, Позірк. Беларускі полк імя Кастуся Каліноўскага, які ваюе на баку Украіны, абвясціў тэрміновы збор для дабраахвотнікаў, якія атрымалі цяжкія раненні ў баях супраць Расіі.

Як паведамляе прэс-служба ПКК, адзін з добраахвотнікаў атрымаў “найцяжэйшыя траўмы левай нагі і рукі”, патрапіўшы ў ноч на 20 студзеня 2023 года пад танкавы абстрэл на ўскраінах Бахмута.

Амаль два гады баец праходзіць лячэнне ў ЗША, адзначаецца, што ён перанёс “некалькі дзясяткаў аперацый”.

“У яго адсутнічае частка прамянёвай косткі, пашкоджаныя нервы і мышцы. Каб ступня захоўвала правільнае становішча, у яе ўкруцілі дзясяткі шруб, бо нерв не кантралюе нагу. Фонд, які арганізаваў яго лячэнне ў ЗША, больш не можа аказваць падтрымку”, — гаворыцца ў паведамленні.

У другога байца ў выніку выбуху гранаты ў сакавіку 2023 года “былі пашкоджаныя ўнутраныя органы, яму выдалілі большую частку кішэчніка”. Ён таксама знаходзіцца на лячэнні ў ЗША.

“Цяпер яго брушная поласць застаецца адкрытай, і ён сілкуецца праз спецыяльныя дазатары і кропельніцы. Яму трэба будзе прайсці яшчэ адну аперацыю”, — адзначае ПКК.

Паколькі байцы ўжо доўгі час знаходзяцца ў ЗША, “вайсковая частка ў сувязі з дзейным [украінскім] заканадаўствам не можа выплачваць ім заробкі”. У сувязі з гэтым, удакладняе полк, добраахвотнікі сутыкнуліся з “вострай праблемай: ім патрэбныя грошы, каб працягваць складанае лячэнне, а таксама для падтрымкі іх сем’яў”.

Сума збору на двух байцоў складае 500 тыс. грыўняў (каля 12 тыс. долараў).

“Сабраныя грошы забяспечаць хлопцам лячэнне і рэабілітацыю да канца зімы — пачатку вясны 2026 года”, — паведамляе полк.

9 сакавіка 2022 года, неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны, беларускія добраахвотнікі стварылі батальён імя Кастуся Каліноўскага. 26 сакавіка таго ж года ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны, а 21 траўня было абвешчана пра яго трансфармацыю ў полк.

У Беларусі па факце стварэння палка Каліноўскага распачалі крымінальную справу. Міністэрства ўнутраных спраў прызнала ПКК “экстрэмісцкім фарміраваннем” (першапачаткова — у верасні 2022 года, дадаткова — у красавіку 2024-га). 25 верасня 2024 года стала вядома, што Вярхоўны суд прызнаў ПКК “тэрарыстычнай арганізацыяй”. У адказ на гэта полк заявіў, што прызнае “тэрарыстычнай арганізацыяй” рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

22 ліпеня ПКК быў прызнаны “тэрарыстычнай арганізацыяй” у анексаванай Расіяй частцы Данецкай вобласці Украіны — так званай “данецкай народнай рэспубліцы”.

Паводле звестак СМІ, з пачатку поўнамаштабнай вайны ў баях супраць Расіі загінула не менш за 65 беларускіх добраахвотнікаў.

Падзяліцца: