Мінск 06:31

Прадстаўнікі ўладаў Беларусі прыедуць у Фінляндыю на абмеркаванне бяспекі ў Еўропе і будучыні АБСЕ

Хельсінкі
Ілюстрацыйнае фота: Tapio Haaja / unsplash.com

26 ліпеня, Позірк. Прадстаўнікі ўладаў Беларусі і Расіі прыедуць у Фінляндыю на абмеркаванне еўрапейскай бяспекі і будучыні Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), паведамляюць фінскія СМІ.

Выданне Ilkka-Pohjalainen перадрукавала матэрыял інфармагенцтва Suomen Tietotoimisto (STT), у якім са спасылкай на кіраўніка працоўнай групы старшынства Фінляндыі ў АБСЕ 2025 года Ёўні Лааксанена і яго намесніка Тоні Сандэла паведамляецца, што 31 ліпеня адбудзецца маштабная канферэнцыя Helsinki+50, а 1 жніўня — “працоўныя перамовы на ўзроўні службовых асоб па пытаннях еўрапейскай бяспекі і будучыні АБСЕ”.

Адзначаецца, што з боку Беларусі ў перамовах возьмуць удзел тры прадстаўнікі, РФ — два.

Выданне Ilta-Sanomat удакладняе, што “Расія і Беларусь накіруюць дыпламатаў ніжэйшага ўзроўню”.

Міністэрства замежных спраў Беларусі пра ўдзел прадстаўнікоў Мінска ў будучых мерапрыемствах па лініі АБСЕ не паведамляла. Спікер расійскага знешнепалітычнага ведамства Марыя Захарава пацвердзіла інфармацыю, падкрэсліўшы пры гэтым, што РФ “не бачыць мэтазгоднасці ўдзелу ў мерапрыемстве на высокім палітычным узроўні”.

“Расійская пазіцыя <…> не азначае, што мы адыходзім ад прынцыповага аналізу стану АБСЕ і ў цэлым бяспекі на кантыненце. <…> Таму возьмем удзел у размове, давядзём наш пункт гледжання пра карэнныя прычыны крызісу АБСЕ і нагадаем пра нашыя шматлікія прапановы па падвышэнні эфектыўнасці”, — заявіла яна.

Варта адзначыць, што 24 лютага 2022 года Расія распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўлетку 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Канферэнцыя Helsinki+50 прымеркаваная да 50-годдзя падпісання 1 жніўня 1975 года Хельскінскіх пагадненняў, якія пасля сталі падмуркам для стварэння АБСЕ. Чакаецца, што ў ёй возьмуць удзел больш за тысячу чалавек з 57 дзяржаў — удзельніц АБСЕ і 11 краін-партнёраў.

Згодна з праграмай канферэнцыі, пасля яе адкрыцця выступяць прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб, яго ўкраінскі калега Уладзімір Зяленскі (у анлайн-фармаце), генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Антоніу Гутэрыш (відэапасланне), вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк, генсакратар АБСЕ Ферыдун Сінірліаглу, в.а. выканаўчага дырэктара Human Rights Watch Федэрыка Барэла.

Запланаваныя тры панэльныя дыскусіі: “Як умацаваць павагу да асноўных прынцыпаў еўрапейскай бяспекі?”, “Як дзяржавы і грамадзянская супольнасць могуць сумесна процідзейнічаць пагрозам міру, правам чалавека і дэмакратыі?”, “Чаму мы можам навучыцца з мінулых 50 гадоў і якія нашы імкненні на наступныя 50 гадоў?”, а таксама заключны тэматычны блок пра ўплыў АБСЕ і запуск фонду Helsinki+50.

На панэлі, дзе будуць абмяркоўвацца правы чалавека, выступіць Аляксандра Матвійчук — кіраўніца Цэнтра грамадзянскіх свабод (Украіна), які ў 2022 годзе стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру разам з кіраўніком беларускага праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесем Бяляцкім (чатыры гады знаходзіцца ў зняволенні з палітычных матываў) і расійскім таварыствам “Мемарыял”.

На палях форуму ранкам 31 ліпеня хельсінкскія камітэты Фінляндыі і Нідэрландаў правядуць дадатковае мерапрыемства “Пераслед праваабаронцаў у Беларусі”. “Гэтае мерапрыемства прысвечанае пераследам праваабаронцаў у Беларусі і скіраванае на абмен поглядамі па пытаннях дэмакратыі і міжнароднай салідарнасці. У азнаменаванне 50-годдзя Хельсінкскіх пагадненняў яно заклікае да тэрміновых дзеянняў у падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, якая пакутуе ад рэпрэсій, і да аднаўлення міжнароднай адказнасці”, — гаворыцца ў анонсе сустрэчы.

Падзяліцца: