Мінск 11:21

За першую палову 2025 года лік асуджаных за карупцыю зменшылася на 7,3% у гадавым вымярэнні — Вярхоўны суд

Ілюстрацыйнае фота: Bermix Studio / unsplash.com

30 ліпеня, Позірк. У студзені — чэрвені 2025 года за здзяйсненне карупцыйных злачынстваў асуджана 304 чалавекі — на 7,3% менш, чым за той жа перыяд 2024-га (328), вынікае са статыстычных даных на сайце Вярхоўнага суда.

З іх 84 прыгавораныя да розных тэрмінаў пазбаўлення волі.

252 асуджаныя пазбаўленыя права займаць пэўную пасаду або займацца пэўнай дзейнасцю ў якасці дадатковай меры пакарання, а 8 — у якасці асноўнай.

Вайсковага або спецыяльнага звання пазбаўленыя 10 чалавек.

Аштрафаваныя 253 асуджаныя: для 252 гэта дадатковае пакаранне, для аднаго — асноўнае.

Адтэрміноўка выканання пакарання ўжытая да 104 асоб, умоўнае непрымяненне пакарання — да 20.

Пакаранне ў выглядзе абмежавання волі прызначанае 87 асуджаным. Большую частку — 80 — вырашана не накіроўваць у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, астатнім сямі прадпісана адбываць пакаранне менавіта там.

Больш за ўсё асуджана за здзяйсненне наступных злачынстваў: крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (арт. 210 КК) — 133, атрыманне хабару (арт. 430) — 93, перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў (ч. 2, 3 арт. 426) — 45. Таксама фігурантаў карупцыйных справаў прызнавалі вінаватымі ў злоўжыванні ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі.

За дачу хабару асуджана 12 чалавек, за пасярэдніцтва ў хабарніцтве — адзін.

Раней Генпракуратура паведамляла, што з 1.031 выяўленага ў 2024 годзе карупцыйнага злачынства на хабарніцтва прыпадала 45,1%, а на крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі — 32,8%.

Да крымінальнай адказнасці летась, як паведамлялася, было прыцягнута 911 асоб, з іх 14 “займалі адказнае становішча”. Найбольшая колькасць карупцыйных злачынстваў зафіксаваная ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, будаўніцтве і гандлі.

У лютым прэс-служба Вярхоўнага суда паведамляла, што за здзяйсненне карупцыйных злачынстваў у 2024 годзе было асуджана 709 чалавек — на 1,1% менш, чым у 2023 годзе (717).

Згодна з апублікаваным сёлета ў лютым “Індэксам успрымання карупцыі”, які штогод вылічаецца міжнароднай няўрадавай арганізацыяй Transparency International, у Беларусі сітуацыя з карупцыяй пагаршаецца чацвёрты год запар.

Індэкс вызначаецца на аснове ўспрымання ўзроўню карупцыі экспертамі і прадстаўнікамі бізнесу 180 краін і тэрыторый. Дзяржавам надаюцца балы — ад 0 (сур’ёзная карупцыя) да 100 (поўная адсутнасць карупцыі).

Па выніках 2024 года Беларусь набрала 33 балы (у 2023-м — 37, у 2022-м — 39, у 2021-м — 41, у лепшым для сябе 2020-м — 47) і падзяліла 114 месца (годам раней 98-е) з Босніяй і Герцагавінай, Лаосам, Манголіяй, Сьера-Леонэ, Панамай і Філіпінамі.

Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў сярэдзіне 1990-х гадоў шмат у чым дзякуючы вобразу барацьбіта з карупцыяй і працягвае выкарыстоўваць гэтую тэму. За 30 гадоў карупцыя так і не была пераможаная.

У сваім выступе пасля цырымоніі інаўгурацыі 25 сакавіка Лукашэнка, заступаючы на сёмы тэрмін, паабяцаў працягнуць “бязлітасную барацьбу з бюракратызмам і карупцыяй”.

Падзяліцца: