Мінск 10:25

На трэція суткі пасля падзення ў Мінску дрона Лукашэнка заявіў, што атрымалася “захаваць мірнае неба” над Беларуссю

Архіўнае фота з тэлеграм-канала Мінабароны

31 ліпеня, Позірк. За чатыры гады, “знаходзячыся на адным з самых небяспечных разломаў глабальнага супрацьстаяння, Беларусь адужала захаваць галоўнае — мірнае неба над галавой”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 31 ліпеня на нарадзе з кіраўнікамі беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў.

“Нягледзячы на жорсткі эканамічны ціск, атрымалася забяспечыць людзей працай, даць рост даходаў і надзею на заўтрашні дзень, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Гэты і будучыя гады будуць вельмі складанымі і напружанымі. Таму папярэджваю ўсіх прысутных, перш за ўсё службовых асоб, якія будуць займацца эканомікай. Не крыўдуйце, але ціск і патрабаванні ў сувязі з гэтым будуць толькі падвышацца. Не толькі падчас вайны і падчас ваенных дзеянняў даводзіцца мабілізоўвацца, але і ў мірны час. Лічыце, што мы жывем у вельмі складаны мірны час, калі патрэбная ваенная мабілізацыя”.

Традыцыйныя для спікера заявы пра “мірнае неба” гэтым разам прагучалі на фоне грамадскага рэзанансу, звязанага з падзеннем беспілотніка ўначы 29 ліпеня ў Мінску.

Ранкам партал “Люстэрка” са спасылкай на відавочцаў паведаміў, што каля 2:00 дрон урэзаўся ў шматпавярховы дом у Фрунзенскім раёне сталіцы, упаў на прыпаркаваны аўтамабіль і выбухнуў. Прыкладна праз гадзіну пасля з’яўлення інфармацыі ў СМІ Міністэрства абароны прызнала факт падзення беспілотніка.

Пазней Следчы камітэт паведаміў, што беспілотнік, які ўпаў, быў начынены тратылам і вялікай колькасцю паражальных элементаў, распачатая крымінальная справа. СК пацвердзіў, што абломкі беспілотніка пашкодзілі некалькі прыпаркаваных аўтамабіляў і прызямліліся на прылеглую да дома тэрыторыю.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” са спасылкай на ўласныя крыніцы заявіў, што сілавікі затрымліваюць жыхароў сталіцы ля месца падзення беспілотніка, верагодна, спрабуючы высветліць, хто перадаў інфармацыю незалежным СМІ. Мінская міліцыя паспяшалася назваць гэта “недакладнай інфармацыяй” і прыгразіла яе распаўсюднікам крымінальнай адказнасцю.

Аб’яднаны пераходны кабінет заклікаў беларусаў звяртацца ў мясцовыя органы ўлады і Міністэрства абароны па інфармацыю пра тое, як гарантуецца бяспека грамадзян Беларусі і чаму ў паветранай прасторы краіны знаходзяцца “небяспечныя для жыцця” БПЛА.

Летась у верасні Мінабароны было вымушанае прызнаць факт знішчэння беспілотнікаў, якія, паводле паведамленняў рэгіянальнага медыя “Флагшток”, праляталі над Гомелем.

Сёлета ў сакавіку намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпенкаў заявіў, што ў Беларусь “вельмі часта” залятаюць беспілотнікі з тэрыторыі Украіны. “Бог ахоўвае Рэспубліку Беларусь. Вось колькі яны ў палях падалі, столькі яны выбухалі. Колькі яны падалі ў населеных пунктах — Лойнікі, у Хоеве (верагодна, гаворка пра Хойнікі і Лоеў, раённыя цэнтры Гомельскай вобласці. — “Позірк”.)… Вы ведаеце, яны не выбухаюць”.

“Яны вось проста паміж дамоў падаюць, на дарогу падаюць, да дома застаецца 50–60 метраў. І, вы ведаеце, яны не дэтануюць”, — дадаў чыноўнік.

Гл. таксама:

Вось вам і мірнае неба. Беспілотнік упаў на дом у Мінску, улады малююць украінскі след (на рускай мове)

Падзяліцца: