Мінск 16:36

Заявы Лукашэнкі і Пуціна пра вайсковую і эканамічную моц — спроба прымусіць Трампа адмовіцца ад санкцый, лічаць у ISW

Відэа: ютуб-канал "Камсамольскай праўды" / стоп-кадр: "Позірк"

2 жніўня, Позірк. Заявы Аляксандра Лукашэнкі і прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна пра вайсковую моц і эканамічную трываласць з’яўляюцца спробай апошняга пераканаць прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў тым, што “санкцыі і вайсковая падтрымка Украіны не паўплываюць на вынік вайны” і таму варта “адмовіцца ад спробаў урэгуляваць канфлікт”, гаворыцца ў новай справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

На сумеснай прэс-канферэнцыі 1 жніўня на Валааме (Карэлія, РФ), нагадалі аналітыкі, Пуцін заявіў, што Расія “вырабіла першы серыйны ракетны комплекс “Арэшнік” і ракеты да яго, <…> сістэма ўжо паступіла на ўзбраенне” і неўзабаве з’явіцца ў Беларусі.

“ISW яшчэ ў лістападзе 2024 года, пасля першага запуску “Арэшніка”, ацэньваў, што Расія выкарыстае гэтую сістэму як інструмент рэфлексіўнага кіравання з мэтай падарваць рашучасць Захаду працягваць вайсковую падтрымку Украіны. Заявы Пуціна і Лукашэнкі ад 1 жніўня наконт “Арэшнікаў” таксама скіраваныя на дэманстрацыю вайсковай моцы з мэтай пераканаць Трампа адмовіцца ад пагроз эканамічнага ціску”, — гаворыцца ў справаздачы.

Лукашэнка, звярнулі ўвагу ў амерыканскай аналітычнай структуры, таксама заявіў, што Беларусь і РФ за апошнія гады зрабілі сур’ёзныя захады па змякчэнні наступстваў заходніх санкцый і змогуць перажыць новыя абмежавальныя меры ў будучыні.

“Гэтыя заявы Лукашэнкі — частка працяглай крамлёўскай кампаніі, скіраванай на дэманстрацыю эканамічнай трываласці як унутранай, так і знешняй аўдыторыі, а таксама на спробу адгаварыць Захад ад увядзення новых санкцый, сцвярджаючы, што ўжо ўведзеныя не чыняць істотнага ўплыву на расійскую эканоміку”, — лічаць у ISW.

Гл. таксама:

Лукашэнка на Валааме: Пуцін абарваў мінскага госця (на рускай мове)

Падзяліцца: