Пракуратура накіравала ў суд яшчэ адну справу, звязаную з міжнароднай наркагрупай “Мурмур Шоп”

4 жніўня, Позірк. У Мінскі гарадскі суд “для вызначэння падсуднасці” накіраваная крымінальная справа ў дачыненні да “двух грамадзян, у тым ліку замежнай дзяржавы, якім інкрымінаваны незаконны абарот асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў і небяспечных наркатычных сродкаў у буйным памеры ў складзе міжнароднай злачыннай арганізацыі”, паведаміла 4 жніўня прэс-служба Генеральнай пракуратуры.
Ведамства сцвярджае, што ў перыяд са снежня 2023 года па ліпень 2024-га абвінавачаныя “ўступілі ў міжнародную злачынную арганізацыю “Хім-прам” (пазней перайменаваная ў “Мурмур Шоп”), у складзе якой ажыццяўлялі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь незаконны абарот наркотыкаў”. “Падчас папярэдняга следства даказанае іх дачыненне да незаконнага абароту больш як 1.000 кг забароненых рэчываў”, — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што “яны ж незаконна перамясцілі небяспечныя псіхатропныя рэчывы і небяспечныя наркатычныя сродкі” праз мяжу Беларусі і мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза.
Крымінальную справу вяло галоўнае следчае ўпраўленне цэнтральнага апарата Следчага камітэта. Генпракуратура лічыць, што сабрана “дастаткова доказаў і дадзеная дакладная кваліфікацыя дзеянням” фігурантаў справы, якія абвінавачваюцца паводле ч. 2 арт. 285 (стварэнне злачыннай арганізацыі або ўдзел у ёй), ч. 4 арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), ч. 3 арт. 3281 (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС або дзяржмяжу Беларусі наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў) Крымінальнага кодэкса.
Гэта як мінімум другая справа па наркагрупе “Мурмур Шоп”, накіраваная сёлета ў суд. 8 красавіка Генпракуратура паведаміла, што накіравала ў Гродзенскі абласны суд крымінальную справу ў дачыненні да двух замежных грамадзян, якім інкрымінаваны “незаконны абарот асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў у буйным памеры ў складзе міжнароднай злачыннай арганізацыі”. Тады абвінавачанні былі выстаўленыя паводле тых жа крымінальных артыкулаў.
За першыя шэсць месяцаў 2025 года колькасць асуджаных паводле “антынаркатычных” артыкулаў Крымінальнага кодэкса (327–332) павялічылася на 2,9% у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года, вынікае са статыстычных даных на сайце Вярхоўнага суда.
У студзені — чэрвені за здзяйсненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, асуджана 1.092 чалавекі, за першую палову 2024-га — 1.061.
З гэтай колькасці паводле арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) асуджана 1.005 чалавек, або 92% (за той жа леташні перыяд — 1.011, або 95,3%).
Паводле даных Дзяржаўнага мытнага камітэта, у 2024 годзе вынята 1.622 тоны наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў — амаль у два разы больш, чым за папярэдні год. Зафіксаваны 553 факты кантрабанды і незаконнага абароту наркотыкаў, узбуджана 310 крымінальных спраў — на 13% больш, чым у 2023-м.
У 2024 годзе з незаконнага абароту было вынята амаль дзве тоны наркотыкаў, псіхатропаў і іх прэкурсораў. Канфіскаваная колькасць наркотыкаў у два разы большая, чым годам раней, паведаміў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. Раней ён заявіў, што ў 2023 годзе было канфіскавана больш за тону наркотыкаў, што амаль у 6 разоў больш, чым у 2022-м.
Летась у лістападзе аб’яднанне BelPol на аснове аналітычнай даведкі МУС, якое трапіла ў яго распараджэнне, паведаміла, што галоўным пастаўшчыком наркотыкаў і псіхатропаў у Беларусь з’яўляецца Расія. З дакумента вынікала, што ў першай палове 2024 года ў Беларусі было выяўлена 17 каналаў паставак забароненых рэчываў: у 14 выпадках (82,4%) наркотыкі і псіхатропы паступалі з Расіі, у двух — з Польшчы, у адным — з Літвы.
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 4 жніўня — 21 верасня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаАктыўнасць мігрантаў на мяжы расце, нягледзячы на меры, якія прымаюць суседнія краіны ЕС (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+