Мінск 21:50

Па справе “Беларускага Гаюна” затрымана не менш за 38 чалавек — “Вясна”

Крыніца: тэлеграм-канал "Беларускі Гаюн"

7 жніўня, Позірк. У Беларусі працягваюцца затрыманні па крымінальнай справе за перадачу інфармацыі праекту па маніторынгу ваеннай актыўнасці “Беларускі Гаюн” (закрыты на пачатку года), паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Адзначаецца, што пад варту ўзята не менш як 38 чалавек; прайшло не менш за шэсць судовых працэсаў. Праваабаронцы падкрэслілі, што насамрэч затрыманых значна больш, і заклікалі паведамляць пра такія выпадкі.

Паводле інфармацыі “Вясны”, большасць фігурантаў гэтай справы — мужчыны. Справы распачатыя паводле арт. 3614 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Праект “Беларускі Гаюн” быў заснаваны пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе, займаўся маніторынгам ваеннай актыўнасці ў Беларусі. Спыніў працу 7 лютага 2025 года, неўзабаве пасля таго, як невядомыя атрымалі доступ да чат-бота, дзе “збіралася інфармацыя ад людзей”.

“Мы не ведаем, які аб’ём даных мог быць выпампаваны за той час, пакуль у старонняга акаўнта быў доступ. Я хачу адразу сказаць, што ў гэтай сітуацыі спрацавала чалавечая памылка, і гэтая памылка была маёй”, — заяўляў тады заснавальнік праекта блогер Антон Матолька.

Ён папярэдзіў пра пагрозу для людзей, якія дасылалі ў бот інфармацыю. У некаторых з іх атрымалася эміграваць.

Пра масавыя затрыманні па справе “Беларускага Гаюна” паведамлялася 2 траўня.

У чэрвені Гродзенскі абласны суд завочна прыгаварыў Матольку да 20 гадоў пазбаўлення волі за “шэраг наўмысных злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці”.

20 ліпеня кіраўнік фонду салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак (цяпер часова адхілены ад пасады) паведамляў, што ў траўні 2025 года ў брэсцкім следчым ізалятары знаходзілася каля 50 чалавек, абвінавачаных па справе “Беларускага Гаюна”.

28 ліпеня было вядома пра 33 затрыманых па справе “Беларускага Гаюна”.

Падзяліцца: