Мінск 14:13

Літва мае намер да канца 2026 года цалкам дэмантаваць інфраструктуру, якая злучала яе з энергасістэмай Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

8 жніўня, Позірк. Літоўскі аператар сістэмы перадачы электраэнергіі Litgrid шукае падрадчыкаў, якія дэмантуюць астатнія лініі электраперадачы з Беларуссю і Калінінградам.

Арганізацыя паведаміла 8 жніўня, што цяпер гэтыя лініі “адключаныя і часткова разабраныя”, але іх трэба будзе цалкам дэмантаваць. Выканаць асноўныя работы па дэмантажы ліній з Беларуссю плануецца да канца 2026 года.

Гаворка ідзе пра 12 міжсістэмных ліній (напругай 330 кв — 5, 110 кв — 7).

Сёлета 6 жніўня аператар ужо падпісаў дагаворы падраду на дэмантаж паветраных ліній 330 кВ “Паставы — Ігналінская АЭС” і “Утэна — Паставы”, а таксама двухланцуговай лініі 110 кВ “Ігналінская АЭС — Відзы / Ігналінская АЭС — Опса”.

Абвешчаны тэндар на дэмантаж ліній 330 кВ “Алітус — Гродна”, “Вільнюс — Маладзечна”, “Пабрадэ — Падольцы” і 110 кВ “Шальчынінкай — Воранава”, “Кальвеляй — Ашмяны”, “Лейпалінгіс — Гродна”, “Дзіджаліс — Відзы”.

“Дэмантаж апошніх ліній электраперадачы з Калінінградам і Беларуссю азначае завяршэнне гістарычнага этапу пераўтварэння інфраструктуры, які сімвалізуе наша поўнае далучэнне да электрычных сетак кантынентальнай Еўропы”, — заявіў гендырэктар Litgrid Рокас Масюліс.

Як паведамляў “Позірк”, 8 лютага 2025 года Літва, Латвія і Эстонія адключыліся ад электрычнага кольца БРЭЛЛ, якое злучал іх з энергасістэмамі Беларусі і РФ, а на наступны дзень сінхранізаваліся з еўрапейскай кантынентальнай сеткай ENTSO-E.

Сінхронны рэжым працы энергасістэм дазваляў краінам электракольца страхаваць адна адну ў выпадку ўзнікнення аварыйных сітуацый і гандляваць электраэнергіяй. Аднак краіны Балтыі бачылі пагрозу ў тым, што рэгуляванне частаты ў кольцы адбываецца пры ўдзеле Расіі, якая, на іх думку, магла б выкарыстаць гэта ў якасці сродку энергетычнага ціску ці зброі. Пасля падключэння да сеткі Беларускай АЭС увосень 2020 года балтыйскія дзяржавы дамовіліся не набываць электраэнергію ва ўладаў у Мінску.

Украіна, энергасістэма якой раней таксама была аб’яднаная з сістэмамі Беларусі і Расіі, кардынальна змяніла планы праз развязаную супраць яе Масквой поўнамаштабную вайну.

Кіеў меў намер адключыцца ад паралельнай працы з беларускай і расійскай энергасістэмамі і сінхранізавацца з еўрапейскай кантынентальнай сеткай ENTSO-E у 2023 годзе. 23 лютага 2022 года энергасістэма Украіны была ізаляваная ад Беларусі і Расіі — для тэставых выпрабаванняў. Назад яе павінны былі далучыць 27 лютага. Аднак праз напад войскаў РФ 24 лютага Мінэнерга Украіны прыняло рашэнне не вяртаць энергасістэму ў паралельную працу з беларускай і расійскай сеткамі.

Пазней украінская энергасістэма цалкам сінхранізавалася з ENTSO-E.

Падзяліцца: