Мінск 01:43

Лукашэнка сцвярджае, што вызваленне Ціханоўскага было яго ініцыятывай, а ЗША пра гэта “не прасілі” (дапоўнена)

Дададзеныя абзацы 10–13.

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

8 жніўня, Позірк. ЗША “не прасілі” аб вызваленні Сяргея Ціханоўскага, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю журналісту амерыканскага выдання Time Сайману Шустэру.

Размова адбылася 25 ліпеня, прэс-служба Лукашэнкі апублікавала інтэрв’ю 8 жніўня.

“Ціханоўскі. Слухайце, але там было яшчэ 13 [вызваленых]. І мне што Ціханоўскі, што яны — аднолькава. Але гэта было маё рашэнне. Яго там (сярод тых, пра каго вялі гаворку прадстаўнікі ЗША. — “Позірк”.) не было, — сказаў Лукашэнка. — Я кажу: “Ну, слухайце, гэтая Святлана Ціханоўская ўжо плачацца, хоча ўз’яднацца. Сям’я там, дзеці, двое дзетак. Добра, я прыму рашэнне па Ціханоўскаму”. Гэта было маё рашэнне. Але цяпер я бачу, што незадаволеныя вы, Захад. І асабліва збеглыя незадаволеныя, што я яго адпусціў”.

Лукашэнка пацвердзіў, што вызваленні сталі вынікам дамоўленасцяў з ЗША, але падкрэсліў, што да іх не мелі дачынення прадстаўнікі дэмсіл: “Яны не ўдзельнікі перамоваў па вызваленні гэтых людзей. Яны ніколі і не ставілі пытанне аб вызваленні. Ну, выключаючы [заснавальніка БНФ Зянона] Пазьняка і старую, як кажуць, апазіцыйную гвардыю, якая на Захадзе, — яны ўвесь час за адмену санкцый, за палітвязняў ваююць. А гэтыя — шарлатаны, “ціхушкі-лахушкі” — не маюць ніякага дачынення да гэтых вызваленых. Гэта нашы дамоўленасці з амерыканцамі. Гэта жорстка. Мы гэта засталбілі, і я іх папярэдзіў: “Калі толькі вы дзесьці скажаце, я вымушаны буду агучыць усе нашы пазіцыі”. Амерыканцы гэта выконваюць”.

Лукашэнка паведаміў, што ліпеньскі візіт у Беларусь дэлегацыі ЗША быў пятым, але не ўдакладніў за які тэрмін. Паводле яго сцвярджэння, сустрэчу ў Мінску ініцыяваў амерыканскі бок “праз беларускіх дыпламатаў, якія працуюць у Нью-Ёрку”.

“Не мне табе распавядаць, што такое Амерыка, — звярнуўся ён да журналіста. — Гэта лідар у нашым свеце. Так, аслаблены, так, дзівачыце вы часам незразумела навошта. Прэзідэнт [Дональд Трамп] часам заяву раніцай робіць адну, увечары — другую, а дзейнічае ўжо па-іншаму. Усяго хапае. Але Амерыка ёсць Амерыка, і ў нас не лепшыя адносіны, санкцыі… Мы ўжо прыстасаваліся. Але што добрага ў санкцыях? Мы залежныя ад Амерыкі, і не толькі мы, але і многія дзяржавы ў сілу сітуацыі, якая склалася, хоць яна і мяняецца. Таму цэлы комплекс праблем для нас. Прапануюць размову — добра”.

Лукашэнка таксама заявіў, што для яго не з’яўляецца прынцыповым “статус удзельнікаў перамоваў ад ЗША”.

Ён адзначыў, што беларускі бок выконваў дасягнутыя дамоўленасці і выконваў канфідэнцыяльнасць, а амерыканцы гэтыя дамоўленасці парушылі, паведаміўшы пра мінулую сустрэчу. “Праз некалькі гадзін пасля ад’езду — заявы амерыканцаў: вось, вызвалены той, гэты. [дзяржсакратар ЗША Марка] Рубіа, памятаю, рабіў нейкую заяву… Думаю, можа быць, амерыканскім лідарам трэба было зрабіць гэтую заяву, бачу стыль Трампа: “Вось я, тут я зрабіў”, — сказаў Лукашэнка.

Мінск у пачатку дыялогу з ЗША не ставіў перад сабой мэты дамагчыся канкрэтных вынікаў, у тым ліку адмены санкцый, сцвярджае Лукашэнка. “Беларусь у прынцыпе не вельмі верыць у тое, што амерыканцы сур’ёзна настроеныя нармалізаваць адносіны. Напрыклад, у Беларусі па-ранейшаму няма амбасадара ЗША. Але, натуральна, зняцце санкцый, калі б яно адбылося, расцэньвалася б беларускім бокам як буйны крок у нармалізацыі адносін”, — удакладніў ён.

Словы Лукашэнкі аб матывах вызвалення Ціханоўскага супярэчаць яго ж заявам 31 ліпеня на нарадзе з кіраўнікамі беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў.

Тады ён заявіў, што за вызваленне ў ліпені групы з 14 палітвязняў “некаторыя” ў беларускім грамадстве “пачалі не тое што асуджаць” яго — “крыкі там дзікія падняліся”. “І што дзіўна, больш за ўсё ў збеглых, — сказаў Лукашэнка. — Зразумела, ім лішнія раты там не патрэбныя. Таму што, калі мы некага вызваляем, умова адна, хто б мяне пра гэта ні прасіў (у асноўным амерыканцы): хочаце — калі ласка, забірайце, вывозьце. Нашым збеглым гэта трэба?”

Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, ён прапаноўваў, “калі захоча той бок, перадаць і некалькі тысяч іншых чалавек, якія асуджаныя за розныя злачынствы”. “Я ім у апошні раз сказаў: “Хочаце — мы вам і гэтых дадамо “. “Не, не, не, гэтых не хочам, хочам вось гэтых”, — перадаў ён сутнасць дыялогу, калі такі на самай справе быў.

“Вазьміце, апошняга сядзельца — вызвалілі (відавочна, гаворка пра Ціханоўскага. — “Позірк”.). Ну вы ж яго прасілі. І я сваёй рукой памілаваў яго. І адзін гэты ўзрушыў усю там гэтую “маліну” (яскравая адсылка да інтэрв’ю Ціханоўскага на ютуб-канале “Жыццё-маліна”, якая выклікала рэзананс у Літве. — “Позірк”.). Ну вы ж прасілі яго. Ну дык бярыце. “Вось, ён прарасійскі…” А вы што, не ведалі, што ён прарасейскі? Вы ведалі яго біяграфію (Ціханоўскі пасля вызвалення неаднаразова выступаў з крытыкай рэжыму Уладзіміра Пуціна. — “Позірк”.). Вы на яго рабілі стаўку нейкую. А рабілі стаўку на ўсіх [у 2020 годзе], абы захапіць уладу, а потым, маўляў, разбярэмся. Так не бывае ў палітыцы. Уладу могуць захапіць, як яны стаўку рабілі на ідыётаў і падонкаў, і яны могуць застацца ва ўладзе. Але яны думалі па-іншаму”, — заявіў Лукашэнка.

Адметна, што на вызваленне палітвязняў у Беларусі прэзідэнт ЗША Трамп адрэагаваў у сацсетцы Truth Social, размясціўшы на сваёй старонцы матэрыял выдання Sky News “Лідар беларускай апазіцыі Сяргей Ціханоўскі вызвалены з турмы пасля рэдкага візіту высокапастаўленага пасланца ЗША”іраўнік Белага дома суправадзіў гэта запісам “Дзякуй, прэзідэнт Трамп!”

Аб вызваленні 14 палітвязняў стала вядома неўзабаве пасля сустрэчы спецпрадстаўніка ЗША па пытаннях Украіны Кіта Келлага з Аляксандрам Лукашэнкам 21 чэрвеня.

Сярод вызваленых — відэаблогер Сяргей Ціханоўскі, былы супрацоўнік “Радыё Свабода” Ігар Карней, выкладчык італьянскай мовы Наталля Дуліна, актывіст анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада, уладальніца беларускага і шведскага грамадзянства Галіна Краснянская, бізнесмен Сяргей Шэлег, удзельнік закрытага чата “Саюз беларускага нацыянальнага.

Таксама вызвалены Алан Раё (грамадзянін Эстоніі), Юрыйс Ганінс і Дзмітрыйс Міхайлаўс (грамадзяне Латвіі). Акрамя гэтага, паводле звестак СМІ, на волю выйшаў Ежы Жывалеўскі (грамадзянін Польшчы).

Імёны яшчэ траіх афіцыйна не названы, яны з’яўляюцца грамадзянамі Польшчы (двое) і Японіі.

“Мы ў пастаянным кантакце з амерыканскім бокам, што тычыцца палітвязняў і наогул лёсу нашай краіны”, — заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 9 сакавіка ў Вільнюсе. Так палітык адказала на пытанне “Позірку”, ці кантактуе яе офіс з ЗША па пытанні вызвалення палітвязняў у святле таго, што Вашынгтон быў датычны да нядаўняга выхаду на свабоду шэрагу беларускіх вязняў.

“Мы цяпер шмат у чым залежым ад геапалітычнага кантэксту, мы гэта павінны разумець, але наша камунікацыя з нагоды вызвалення палітвязняў ідзе амаль штодня”, — сказала яна.

12 лютага з’явілася інфармацыя аб вызваленні па памілаванні палітвязняў Андрэя Кузнечыка (супрацоўнік “Радыё Свабода”) і Алены Маўшук, а таксама грамадзяніна ЗША, імя якога на той момант не раскрывалася (18 лютага стала вядома, што гэта 56-гадовы Мікалай Шугаеў, у якога таксама ўкраінскае грамадзянства). Усе яны адразу ж пакінулі Беларусь пры дапамозе Злучаных Штатаў Амерыкі.

Падзяліцца: