Мінск 18:58

За мінулыя суткі ў ДТЗ на тэрыторыі Беларусі загінулі чатыры чалавекі

10 жніўня, Позірк. Чатыры чалавекі загінулі ў дарожна-транспартных здарэннях на тэрыторыі Беларусі 9 жніўня, паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў.

Загінулыя — “кіроўца аўтамабіля, непаўнагадовы матацыкліст і два пешаходы”.

“Дзевяць чалавек траўмаваныя, уключаючы дзіця. Прычынамі дарожных аварый сталі невыкананне ўстаноўленай хуткасці, небяспечныя манеўры — абгон і выезд на паласу сустрэчнага руху, раптоўны выхад пешахода на праезную частку без святлоадбівальных элементаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Ведамства звяртае ўвагу, што “з улікамцёплага надвор’я, якое ўстанавілася ў выходныя, значна павялічваецца дарожны трафік”. “Няўважлівасць і расслабленасць за стырном прыводзіць да павелічэння колькасці ДТЗ і цяжару іх наступстваў”, — заяўляе МУС.

“Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае аб неабходнасці няўхільнага выканання Правілаў дарожнага руху. Не грэбуйце асновамі бяспекі! Кіроўца павінен быць засяроджаны на кіраванні транспартным сродкам, пазбягаць адцягнення на тэлефон, размовы і іншыя дзеянні, якія могуць знізіць яго канцэнтрацыю”, — адзначаецца ў рэлізе.

Раней паведамлялася пра гібель чалавека 10 жніўня ў ДТЗ у Аршанскім раёне (Віцебская вобласць).

Падзяліцца: