Экс-палітвязень Зянковіч аб камунікацыі прэзідэнта ЗША з Лукашэнкам: Гэта стыль Трампа, ён моцны перагаворшчык

18 жніўня, Позірк. “Гэта стыль палітыкі прэзідэнта Трампа. Ён вельмі моцны перагаворшчык, вельмі моцны бізнэсовец”, — заявіў экс-палітзняволены, беларуска-амерыканскі адвакат Юрый Зянковіч, каментуючы на просьбу “Позірку” камунікацыю прэзідэнта ЗША з Аляксандрам Лукашэнкам.
Трамп, на яго думку, “ведае, што часам дзеля таго, каб дабіцца выніку, трэба сказаць пару прыемных словаў суразмоўцу”: “Яму гэта нічога не каштуе”.
“Калі ў абмен на тое, што ён там назваў Лукашэнку вялікім лідарам, выйдуць 1,3 тыс. чалавек, я лічу, што гэта абсалютна нармальная цана, якую можна заплаціць”, — сказаў Зянковіч на прэс-канферэнцыі ў Варшаве 18 жніўня.
Пытанне беларускіх палітвязняў “вынесена на найвышэйшы міжнародны ўзровень”, звярнуў увагу спікер: “Асабіста прэзідэнт ЗША — найвялікшай, наймагутнейшай краіны ў свеце — зацікаўлены ў вызваленні нашых суграмадзян. <…> Я лічу, што гэта выдатная праява міжнароднай салідарнасці”.
“І я асабіста прэзідэнту Трампу ўдзячны за такія крокі: за маё асабістае вызваленне, і за ягоныя захады па вызваленні іншых 15 чалавек, і за тое, што ён актыўна ўдзельнічае ў кампаніі па вызваленні тых палітычных вязняў, якія ўсё яшчэ знаходзяцца за кратамі рэжыму”, — дадаў былы палітзняволены.
Зянковіч, паводле яго слоў, выйшаў на волю “дзякуючы міжнароднаму ціску і салідарнасці, намесніку спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Кіта Келага спадару Джону Коўлу, супрацоўнікам Дзярждэпартамента”.
“Лукашэнка вымушаны быў мяне вызваліць і адпусціць да сям’і ў Злучаныя Штаты, — дадаў ён. — Так павінна скончыцца гісторыя кожнага палітвязня”.
Пры гэтым Зянковіч асудзіў прымусовы вываз вызваленых за мяжу: “Давайце памятаць, што апошнюю групу [палітзняволеных] з 14 чалавек, у якую ўваходзіў Сяргей Ціханоўскі, проста вывеўлі на мяжу і выкінулі. <…> Я лічу, што тыя, хто гэта робіць, павінны памятаць, што ўсе іх дзеянні фіксуюцца і за кожнае сваё дзеянне ім прыйдзецца расплаціцца”.
Аб вызваленні Зянковіча, натуралізаванага грамадзяніна ЗША, арыштаванага ў Маскве ў 2021 годзе і асуджанага ў 2022-м да 11 гадоў пазбаўлення волі па палітычна матываванай “справе змоўшчыкаў”, стала вядома 30 красавіка.
У снежні 2022 года адбыўся другі працэс у дачыненні да яго. Мужчыну прызналі вінаватымі паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), тэрмін пакарання павялічыўся на паўгода, а ў жніўні 2024-га — трэці, паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы), дадана яшчэ два гады пазбаўлення волі.
Летась Зянковіч звярнуўся да Лукашэнкі з вуснай просьбай аб памілаванні і магчымасці вярнуцца ў ЗША. Заяву ён зрабіў у прадэманстраваным 19 верасня на тэлеканале “Беларусь 1” прапагандысцкім фільме.
Узгаданы Зянковічам Коўл удзельнічаў у працэсе яго вызвалення. Таксама прысутнічаў на сустрэчы Лукашэнкі і Келага ў Мінску 21 чэрвеня, пасля якой было вызвалена 14 палітвязняў.
Трамп 17 жніўня другі раз за тры дні выказаў кампліменты Лукашэнку. У сваёй сацыяльнай сетцы TruthSocial ён напісаў: “Дзякуй Беларусі і яе магутнаму лідару. Я спадзяюся, што 1.300 [зняволеных] таксама хутка будуць выпушчаны”.
Трамп патэлефанаваў Лукашэнку 15 жніўня, назваўшы яго “глыбокапаважаным прэзідэнтам Беларусі”. Паводле яго, мэтай званка было выказаць “падзяку за вызваленне 16 зняволеных”. Тады ж была ўзгадана лічба 1,3 тыс. вязняў, вызваленне якіх абмяркоўваецца.
У той жа дзень Лукашэнка паразмаўляў па тэлефоне з Коўлам.

Намеснік спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Коўл: Падобна, Лукашэнка хоча ўдзельнічаць у перамовах па вайне на Украіне

- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаУ студзені — ліпені прамвытворчасць скарацілася на 0,3%, год таму быў рост на 7,5% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаМінск і Мінская вобласць забяспечылі больш за палову ВУП за сем месяцаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаЧацвёрты месяц запар у Беларусі фіксуецца запаволенне росту рознічнага тавараабаротуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаВУП у студзені — ліпені вырас на 1,3% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка