Мінск 14:56

Мінэканомікі прагназуе рост ВУП у 2026 годзе на 2,8%

Фота: sb.by

20 жніўня, Позірк. Рост валавога ўнутранага прадукту ў 2026 годзе прагназуецца на ўзроўні 2,8%, інвестыцый — на 3,1%, экспарту — на 3,7%, паведаміў 20 жніўня міністр эканомікі Юрый Чабатар на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў.

“Такая дынаміка будзе забяспечана як за кошт рэальнага сектара, так і рэалізацыі патэнцыялу сферы паслуг, у першую чаргу турызму і IT. Для гэтага прадугледжаны шэраг стымулюючых мер па развіцці неабходнай інфраструктуры. <…> Акцэнт — на апераджальны рост паслуг. Безумоўным прыярытэтам застаецца зніжэнне залежнасці ад аднаго рынку. Для гэтага працягнем працу па нарошчванні продажаў у краіны СНД і “далёкай дугі”. Пры гэтым мы нацэленыя захаваць сваю прысутнасць на ключавым для нас расійскім рынку”, — цытуе Чабатара прэс-служба Мінэканомікі.

Кіраўнік ведамства прыярытэтнымі напрамкамі інвестыцый назваў будаўніцтва жылля, у тым ліку арэнднага, развіццё сацыяльнай і транспартнай інфраструктуры. Паводле яго слоў, дзве траціны ад агульнага планаванага аб’ёму інвестыцый пойдзе на рэалізацыю камерцыйных праектаў і “тэхпераўзбраенне прадпрыемстваў”.

“Сфарміраваны пул з больш за 600 інвестыцыйных праектаў, — сказаў чыноўнік. — Прадугледжана рэалізацыя больш за 10 буйных інвестпраектаў, каля 100 праектаў “Рэгіянальнай ініцыятывы”, завяршэнне пачатых у папярэднія гады праектаў канцэпцыі “Адзін раён — адзін праект”, а таксама інтэграцыйных і імпартазамяшчальных: гэта яшчэ каля 120 праектаў”.

Паводле слоў Чабатара, выкананне вытворчай, інвестыцыйнай і экспартнай праграм дасць магчымасць забяспечыць у 2026-м годзе рост рэальных даходаў насельніцтва на 4,8%.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, валавы ўнутраны прадукт Беларусі павялічыўся за студзень — ліпень 2025 года на 1,3% да аналагічнага перыяду 2024-га. Аб’ём ВУП у бягучых цэнах склаў 155,2 млрд рублёў.

У студзені 2025 года гэты паказчык быў на ўзроўні 3,7% (20,5 млрд), студзені — лютым — 3,1% (38,7 млрд), студзені — сакавіку — 3,1% (59,4 млрд), студзені — красавіку — 2,8% (81,4 млрд), студзені — траўні — 2,5%, студзені — чэрвені — 2,1% (129 млрд).

17 лютага пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі на той момант прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка (10 сакавіка прызначаны старшынёй праўлення Нацыянальнага банка) заявіў дзяржСМІ, што першы месяц года склаўся “добра, вышэй <…> прагнозаў” урада. Паводле яго слоў, студзеньскія тэмпы “неабходна ўтрымаць на ўвесь квартал”. Статыстыка сведчыць, што гэта зрабіць не ўдалося.

Вайна і звязаныя з гэтым эканамічныя праблемы ў 2025 годзе не знікнуць, “нават калі будуць нармальныя зрухі на фронце”, таму сітуацыя для беларускай эканомікі “будзе няпростая”, заявіў Лукашэнка 26 студзеня на прэс-канферэнцыі ў БДУФК пасля галасавання на мерапрыемстве, якое ўлады лічаць “прэзідэнцкімі выбарамі”.

Эканоміка Беларусі будзе павольна “астываць” у сярэднетэрміновай перспектыве пры адсутнасці моцных знешніх шокаў, гаворыцца ў прагнозе даследчага цэнтра BEROC па выніках першай паловы 2025 года. Прэзентацыя аналізу прайшла 12 жніўня.

На думку экспертаў, вяртанне да раўнаважнага стану “чакаецца працяглым”, бо ўзровень перагрэву ў другім квартале 2025 года “заставаўся паблізу рэкордных значэнняў з 2014 года, а агулам няжкая эканамічная палітыка прадоўжыць падтрымліваць высокі ўзровень унутранага попыту”.

“Рост ВУП прагназуецца паблізу 2% у 2025 годзе з наступным запаволеннем да 0–1,5% у 2026-м”, — прагназуе BEROC.

Згодна з зацверджанымі Лукашэнкам найважнейшымі эканамічнымі прагнознымі (дэ-факта — планавымі) параметрамі на 2025 год, рост ВУП павінен скласці 4,1%.

Зніжэнне тэмпаў росту ВУП Беларусі да 1,6% прагназуе Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця ў сваім рэгіянальным эканамічным аглядзе, апублікаваным 16 красавіка.

24 чэрвеня аналітыкі Еўразійскага банка развіцця ў макраэканамічным прагнозе на 2025–2027 гады адзначылі, што чакаюць рост ВУП Беларусі па выніках 2025 года на ўзроўні 3%.

Міжнародны валютны фонд у красавіцкім аглядзе прагназаваў, што ВУП Беларусі павялічыцца ў 2025-м на 2,8%.

12 чэрвеня Сусветны банк выдаў прагноз, паводле якога беларуская эканоміка ў 2025 годзе вырасце на 2,2%.

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця чакае росту ВУП на 2,5%.

У студзені 2024 года ВУП Беларусі складаў 2,8%, студзені — лютым — 4 працэнты, студзені — сакавіку — 4,1 працэнта, студзені — красавіку — 5,1%, студзені — траўні — 5,2%, студзені — чэрвені — 5%, студзені — ліпені — 5,5%, студзені — жніўні — 4,9%, студзені — верасні — 4,5%, студзені — кастрычніку — 4,2%, студзені — лістападзе — 3,9%, студзені — снежні — 4%.

Падзяліцца: