Мінск 09:48

За пяць дзён на аб’ектах АПК здарылася дзевяць пажараў — пашкоджаны трактар, па два камбайны і прэс-падборшчыкі

22 жніўня, Позірк. За апошнія пяць дзён (16-20 жніўня) на аб’ектах аграпрамысловага комплексу здарылася дзевяць пажараў, сведчыць праведзены “Позіркам“ аналіз зводак Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

18 жніўня ў полі каля вёскі Міроненкі Калінкавіцкага раёна (Гомельская вобласць) агнём пашкоджаны электрагенератар і электраправодка ў маторным адсеку камбайна.

У выніку загарання 20 жніўня ў полі каля вёскі Рэчкі Чэрвеньскага раёна (Мінская вобласць) пашкоджаны маторны адсек камбайна.

З-за ўзгаранняў пашкоджана два прэс-падборшчыкі: 16 жніўня ў полі каля вёскі Васількова Слуцкага раёна (Мінская вобласць) і 20 жніўня каля вёскі Ганцавічы Ганцавіцкага раёна (Брэсцкая вобласць). У апошнім выпадку агнём пашкоджаныя заднія ліхтары і падкрылкі трактара, да якога быў прычэплены падборшчык.

За названы перыяд згарэла 162 т саломы ў рулонах, пашкоджана 22 т аўса.

З пачатку 2025 года на аб’ектах АПК знішчана або пашкоджана агнём 33 адзінкі тэхнікі (у 2024-м — мінімум 73), паказаў праведзены “Позіркам“ агляд паведамленняў МНС.

За пяць гадоў у Беларусі істотна зменшылася колькасць асноўных відаў тэхнікі, машын і абсталявання ў сельскагаспадарчых арганізацыях, вынікае з праведзенага “Позіркам“ аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Стала менш камбайнаў: збожжаўборачных — на 14,6% (з 8.798 на канец 2019 года да 7.514 на канец 2024-га), бульбаўборачных — на 32,9% (з 778 да 522), буракаўборачных — на 27,5% (з 298 да 216), кормаўборачных — на 11,6% (з 4.138 да 3.660), ільноўборачных — на 30,1% (з 428 да 299).

Колькасць трактароў у гаспадарках зменшылася на 9,6% (з 38.966 да 35.241), грузавых аўтамабіляў — на 14,8% (з 17.873 да 15.228).

Даільных установак і агрэгатаў стала менш на 15,4% (з 10.758 да 9.096), бульбакапальнікаў — на 35,3% (з 1.254 да 811), бульбасажалак — на 28% (з 1.198 да 862), зернеачышчальных машын — на 12,7% (з 6.939 да 6.059), зернеачышчальна-сушыльных комплексаў — на 19,6% (з 2.559 да 2.057).

Падзяліцца: