Мінск 16:50

Памёр спявак Яраслаў Еўдакімаў (дапоўнена)

Крыніца: "Вікіпедыя"

22 жніўня, Позірк. На 79-м годзе жыцця 22 жніўня памёр беларускі спявак Яраслаў Еўдакімаў, пра гэта на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” паведаміў паэт Уладзімір Някляеў.

Паводле даных расійскіх СМІ Еўдакімаў памёр у Італіі, у апошні час пакутаваў на анкалагічнае захворванне.

Еўдакімаў нарадзіўся 22 лістапада 1946 года ў турэмным шпіталі ўкраінскага горада Роўна. Яго бацькі былі рэпрэсаваныя як украінскія нацыяналісты. Выхоўваўся бабуляй і дзядулем у вёсцы Карысці Ровенскай вобласці. Маці ўбачыў у свядомым узросце ў 9 гадоў. Жанчына забрала сына ў расійскі Нарыльск.

У Беларусь спявак пераехаў на радзіму першай жонкі.

У 1970-х стаў вакалістам філармоніі Мінска, вучыўся ў музычным вучылішчы.

У СМІ тыражуецца гісторыя, што ў 1980 годзе Еўдакімаў удзельнічаў ва ўрадавым канцэрце, дзе зрабіў уражанне на лідара ЦК беларускай кампартыі Пятра Машэрава выкананнем песні “Поле памяці”.

Пасля песні на ваенна-патрыятычную тэматыку сталі асновай яго рэпертуару. У 1980-х Еўдакімаў меў усесаюзную вядомасць, выступіў на фестывальных канцэртах “Песні года” з хітамі таго часу “Зачараваная мая” і “Травеньскі вальс”.

У сярэдзіне 1990-х пераехаў у расійскую сталіцу і стаў салістам “Масэстрады”.

СМІ паведамлялі, што ў 2023 годзе ён запланаваў чарговыя гастролі па гарадах Расіі, якія былі вымушана адмененыя. Прычынай стала яго інтэрв’ю ў 2017 годзе Ленінградскаму абласному інтэрнэт-тэлебачанню, у якім спявак абвінаваціў расійскія ўлады ў развязванні вайны на паўднёвым усходзе Украіны: “Я лічу, што гэта трагедыя страшная. Я абвінавачваю ва ўсім Крэмль, Пуціна, гоп-кампанію крамлёўскую. Украінцы ім ніколі гэтага не даруюць. Яны загубілі маладыя жыцці, каля 10.000 чалавек. За што? За што? За што? Што, ім Данбас патрэбны? Крым патрэбны?”.

Таксама Еўдакімаў не раз выказваў думку, што прэзідэнты не павінны кіраваць краінамі больш за два тэрміны.

У 2001 годзе на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі спявак падтрымаў кандыдата ад апазіцыі Уладзіміра Ганчарыка.

У Беларусь спявак прыязджаў у 2023 годзе, мяркуючы па інфармацыі ў яго сацсетках.

Падзяліцца: