Мінск 21:41

У Гомелі і Клецкім раёне дзеці трапілі ў рэанімацыю: адно выпала з акна, другое ледзь не патанула ў каркасным басейне

22 жніўня, Позірк. Дзевяцігадовы хлопчык выпаў з акна трэцяга паверха ў Гомелі, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта. Ён знаходзіцца ў рэанімацыі.

21 жніўня хлопчык запрасіў дадому двух сяброў, гаворыцца ў рэлізе: “Хлопцы размаўлялі і глядзелі тэлевізар. Праз час дзіця адкрыў акно ў сваім пакоі і сеў на падваконнік, звесіўшы ногі на вуліцу. Пры спробе разгарнуцца хлопчык не ўтрымаўся і выпаў з акна трэцяга паверха. Яго сябры выклікалі хуткую дапамогу”.

На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група, высветлілася, што дзеці знаходзіліся ў пакоі без нагляду дарослых.

Гомельскі гарадскі аддзел СК праводзіць праверку.

Таксама ведамства паведаміла пра здарэнне 18 жніўня ў аграгарадку Сіняўка Клецкага раёна Мінскай вобласці, дзе паўтарагадовая дзяўчынка ледзь не патанула ў каркасным басейне ў двары прыватнага дома.

“За дзіцём прыглядала мама. Яна ненадоўга зайшла ў дом, а вярнуўшыся на вуліцу, знайшла дачку без прытомнасці. Дзяўчынцы была нададзеная першая дапамога. Зараз дзіця знаходзіцца ў рэанімацыі, за яе жыццё змагаюцца лекары“, — піша СК.

Следча-аператыўная група ўстанавіла, што басейн “быў запоўнены вадой на 26 см ад дна“.

Клецкі раённы аддзел СК праводзіць праверку.

Раней ведамства распаўсюдзіла інфармацыю аб гібелі 9 жніўня ў Мінску малалетняга дзіцяці, якое выпала з акна шматпавярховага дома.

28 ліпеня паведамлялася пра падзенне з акна ў Баранавічах (Брэсцкая вобласць) 6-гадовага дзіцяці. “Малы выжыў, але атрымаў цяжкія траўмы“, — адзначаў Следчы камітэт.

16 ліпеня СК паведаміў аб трэцім выпадку падзення дзяцей з вокнаў за шэсць дзён. Інцыдэнты адбыліся ў Мінску, Магілёве і Магілёўскай вобласці, дзеці атрымалі розныя траўмы.

Паводле даных Генеральнай пракуратуры на 9 ліпеня, з пачатку 2025 года пры падзенні з вокнаў загінула шэсць дзяцей, тады як за аналагічны перыяд 2024-га — адно дзіця.

У першым квартале 2025 года ад знешніх прычын у Беларусі загінула 32 непаўналетніх, паведаміла ў траўні аб’яднанне BelPol са спасылкай на атрыманы службовы ліст намесніка генпракурора Аляксея Стука ў Міністэрства адукацыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і мясцовыя органы ўлады.

Адзначалася, што смяротнасць вырасла на 52,4%.

У 2024 годзе ў краіне ад знешніх прычын загінула 126 дзяцей — на 34% больш, чым у 2023-м (94).

Падзяліцца: