Мінск 16:16

Супраць трох менеджараў дзяржпрадпрыемстваў распачатая крымінальная справа за хабар, ім пагражае да 10 гадоў зняволення

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com

24 жніўня, Позірк. Пра чарговую крымінальную справу, якая “тычыцца сістэмнай дзелавой карупцыі”, паведамляе ведамаснае выданне Міністэрства ўнутраных спраў “На варце”.

Адзначаецца, што фігурантамі справы з’яўляюцца “трое службовых асоб заводаў”.

“За хабар ад кіраўніка фірмы яны забяспечвалі камерсанту выйгрыш у закупках, складаючы тэхзаданні такім чынам, каб тыя дэталёва адпавядалі характарыстыкам абсталявання, якое пастаўляецца апошнім на прадпрыемствы”, — гаворыцца ў публікацыі.

Пра якія прадпрыемствы гаворка, не паведамляецца, аднак з матэрыялу вынікае, што заводы прадстаўляюць нафтахімічную прамысловасць.

“Нафтахімія — адна з найважнейшых галін эканомікі краіны, у тым ліку ў стратэгічных маштабах. Таму забеспячэнне ў гэтых працэсах парадку і законнасці вельмі актуальна, тым больш у сучасных рэаліях. Адказнасць супрацоўнікаў прадпрыемстваў велізарная, улічваючы значнасць вырабленай імі прадукцыі на сусветных рынках”, — заяўляе выданне.

Падкрэсліваецца, што задзейнічанае на такіх прадпрыемствах абсталяванне з’яўляецца дарагім, таму “галіна прыцягвае і нячыстых на руку дзялкоў, якія спрабуюць нажыцца, выкарыстоўваючы ў сваіх інтарэсах у тым ліку заходнія санкцыі — закрытыя еўрапейскія рынкі”. У сувязі з гэтым “усё неабходнае для эфектыўнай дзейнасці прадпрыемстваў паступае з іншых рэгіёнаў”, “цэнавая катэгорыя ў такіх сітуацыях паніжаецца, што цалкам лагічна, але ў дадзеным выпадку было наадварот”.

Вяртаючыся да сутнасці крымінальнай справы, ведамаснае СМІ адзначае, што супрацоўнікі МУС пры аналізе закупак прадпрыемстваў звярнулі ўвагу на “празмерна завышаныя цэнавыя паказчыкі паставак”. “Напрыклад, абсталяванне, якле каштуе каля пяці-шасці тыс. долараў за адзінку, паступала на заводы па цэнах ад 15 тыс. долараў, часам даходзячы да 25 тыс. Часам накрутка дасягала 300%”, — удакладняецца ў артыкуле.

“Устанавілі афіляваных асоб, якія ўдзельнічаюць у тэндэрах заводаў для таго, каб заяўленымі характарыстыкамі свайго тавару выдзеліць у лепшы бок прадукцыю, прапанаваную асноўным прадаўцом, які сам і прыцягваў іх для ўдзелу ў закупках. У тэндэры, як правіла, задзейнічалася дзве-тры такія арганізацыі”, — заявіў старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі МУС Алег Рэут.

Паводле яго слоў, афіляваныя асобы ў сваіх заяўках “загадзя паказвалі не адпаведныя тэхзаданням заводаў характарыстыкі, напрыклад, прапісваючы якую-небудзь функцыю з завышэннем або заніжэннем магчымасцяў, павялічваючы цану і гэтак далей”. У выніку перамагала “менавіта тая фірма, якая і планавалася першапачаткова”.

Падкрэсліваецца, што кампанія, якая ажыццяўляла пастаўкі, “не з’яўлялася вытворцам абсталявання”, у сувязі з чым яе прадстаўніка “можна назваць звычайным перакупшчыкам, пасярэднікам, якія рэалізуюць тавар у некалькі разоў даражэй адэкватнай рынкавай цаны, пры гэтым незаконна нажываюцца за дзяржаўны кошт”.

“Удалося ўстанавіць, што службовыя асобы выдатна ведалі аб удзеле ў закупках афіляваных прадпрыемстваў. Часцяком у тэхзаданнях прапісваліся патрабаванні непасрэдна пад абсталяванне, якое пастаўляецца “сваім” камерсантам. Натуральна, у тэндэрах прапаноўвалі прадукцыю і іншыя фірмы, але іх прапановы адхілялі па розных тэхніка-фінансавых прычынах. Як правіла, у конкурсах маглі ўдзельнічаць каля шасці пастаўшчыкоў, палова з якіх былі падстаўнымі”, — сказаў Рэут.

Паведамляецца, што супрацоўнікі МУС таксама выявілі “блізкую сувязь паміж фігурантамі”: “Яны размаўлялі пастаянна, праводзілі рэгулярныя дзелавыя сустрэчы. Супрацоўнікі службы БЭЗ таксама высветлілі, што службовыя асобы заводаў не толькі арганізоўвалі закупкі, але і самі маглі прымаць канчатковыя рашэнні ў гэтых пытаннях. “Свайму” пастаўшчыку яны загадзя паведамлялі ўмовы тэхзадання і іншыя падрабязнасці, каб той сфарміраваў зручную прапанову. З прэтэндэнтаў жа адных адхілялі, а каго трэба пакідалі. Такім чынам, ужо загадзя ажыццяўляўся не зусім натуральны адбор пераможцы, закупачных камісій прадпрыемстваў”.

Згаданыя сустрэчы праходзілі “ў кабінетах работнікаў вытворчасці, у курылках прадпрыемстваў, на вуліцы”.

“Адзін з хабараў быў уручаны ў будынку завода, практычна на працоўным месцы службовай асобы, а другі ўжо пры дапамозе пасярэдніка — сваяка аднаго з прадстаўнікоў дзяржпрадпрыемстваў. Тут фігуранты спрабавалі замятаць сляды — пасля правядзення тэндэру хабар “адлежваўся” прыкладна месяц. Потым камерсант перадаваў грошы пасярэдніку, які захоўваў іх у сябе каля двух тыдняў і толькі затым аддаваў адрасатам”, — адзначаецца ў публікацыі.

“Цяпер вядзецца расследаванне і працягваецца аператыўная праца па выяўленні ўсіх фактаў супрацьпраўнай дзейнасці фігурантаў, якім можа пагражаць да 10 гадоў пазбаўлення волі”, — рэзюмуе “На варце”.

15 жніўня паведамлялася аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да 53-гадовага заснавальніка мінскай фірмы па вырабе кармавых дабавак, якія даваў хабар — у агульнай складанасці каля 100 тыс. рублёў — за перамогу ў тэндэрах.

Сцвярджалася, што мужчына праз сваіх падначаленых сістэматычна плаціў службовым асобам шэрагу сельскагаспадарчых і перапрацоўчых арганізацый, каб тыя выбіралі пастаўшчыком яго прадпрыемства. Вытворчыя магутнасці гэтай арганізацыі знаходзяцца ў Брэсцкай вобласці.

У дачыненні да 11 чалавек узбуджана 19 крымінальных спраў.

Паводле даных Вярхоўнага суда, якія раней прыводзіў “Позірк”, у студзені — чэрвені 2025 года за здзяйсненне карупцыйных злачынстваў асуджана 304 чалавекі — на 7,3% менш, чым за той жа перыяд 2024-га (328).

З іх 84 прыгавораны да розных тэрмінаў пазбаўлення волі.

Больш за ўсё асуджана за здзяйсненне наступных злачынстваў: крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (арт. 210 КК) — 133, атрыманне хабару (арт. 430) — 93, перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў (ч. 2, 3 арт. 426) — 45. Таксама фігурантаў карупцыйных спраў прызнавалі вінаватымі ў злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі.

За дачу хабару асуджана 12 чалавек, за пасярэдніцтва ў хабарніцтве — адзін.

За хабар ад будаўнічых кампаній затрыманы чыноўнік аднаго з райвыканкамаў Гродзенскай вобласці

31 ліпеня, Позірк. Пры атрыманні хабару затрыманая службовая асоба аднаго з раённых выканаўчых камітэтаў Гарадзенскай вобласці, паведамляе прэс-служба МУС. Адзначаецца, што 41-гадовы чыноўнік курыраваў сферу будаўніцтва і “сістэматычна атрымліваў грашовыя сродкі ад кіраўнікоў камерцыйных структур за іх удзел і далейшую …
Падзяліцца: