Мінск 14:27

Міністэрствы ўнутраных спраў Беларусі і РФ будуць выкарыстоўваць агульную базу зваротаў у аператыўна-дзяжурную службу

Ілюстрацыйнае фота: Першамайскае РУУС Мінска / sb.by

1 верасня, Позірк. Міністэрствы ўнутраных спраў Беларусі і Расіі “бліжэйшым часам” плануюць распачаць доследную эксплуатацыю Адзінага інтэграванага інфармацыйнага рэсурсу, паведамляе газета беларускага МУС “На варце” са спасылкай на начальніка Інфармацыйнага цэнтра міністэрства Арцёма Барабанава.

Паводле яго слоў, у новай базе даных будуць звесткі пра ўсе паведамленні і звароты ў аператыўна-дзяжурную службу органаў унутраных спраў (АДС ОУС) і пра прынятыя рашэнні. Адзначаецца, што ў перспектыве да гэтага электроннага сховішча далучацца аналагічныя падраздзяленні ўсіх сілавых структур.

Акрамя таго, паводле слоў Барабанава, фармуецца Міждзяржаўны інфармацыйны банк (МІБ) пры Галоўным інфармацыйна-аналітычным цэнтры Міністэрства ўнутраных спраў РФ.

Міліцэйскі начальнік паведаміў, што “ў адзіным фармаце абмену” ў МІБ накіроўваюцца звесткі пра асоб, транспартныя сродкі, выкрадзеныя нумарныя рэчы, прадметы, якія маюць культурную каштоўнасць, страчаную і выяўленую зброю ды інш.

У 2025 годзе, паводле яго слоў, уведзена ў эксплуатацыю інфармацыйная сістэма па вышуковым уліку, якая “дазваляе на новым узроўні ўзаемадзейнічаць з інфармацыйнымі сістэмамі МУС Беларусі і Расіі”.

Фотавыявы асоб, што знаходзяцца ў вышуку, якія накіроўваюць беларускія сілавікі, “актыўна выкарыстоўваюцца ў сістэмах відэааналітыкі” РФ, заявіў Барабанаў. У выніку, паводле яго сцвярджэння, атрымалася вызначыць месцазнаходжанне больш як 130 грамадзян (не ўдакладняецца, за які перыяд).

Адзначана, што Інфармацыйны цэнтр МУС Беларусі з’яўляецца “ўласнікам 12 сістэм і банкаў даных”.

Сёлета ў красавіку паведамлялася, што за папярэднія пяць месяцаў на запыт беларускіх уладаў у базу вышуку МУС Расіі было ўключана больш за 1.200 грамадзян і ўраджэнцаў Беларусі. 58 з іх, як адзначалася, у Беларусі былі асуджаныя ў рамках палітычна матываваных крымінальных спраў.

У 2024 годзе ў Расіі было затрымана 964 чалавекі, якіх у Беларусі шукалі за здзяйсненне злачынстваў, паведаміў на сумеснай калегіі ведамстваў дзвюх краін 23 мая кіраўнік беларускага МУС Іван Кубракоў. Паводле яго слоў, у Беларусі затрымана 185 чалавек, абвешчаных у вышук РФ.

Падзяліцца: