Мінск 17:32

ПП НС ратыфікавала дагавор з РФ аб узаемнай абароне грамадзян ад “неабгрунтаванага пераследу” за мяжой

16 верасня, Позірк. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС) ратыфікавала пагадненне з Расіяй аб “захадах па ўзаемнай абароне грамадзян ад неабгрунтаванага пераследу замежнымі дзяржавамі і міжнароднымі органамі юстыцыі”.

Як паведамляе прэс-служба ніжняй палаты парламента, бакі маюць намер сумесна змагацца з “негатыўнай тэндэнцыяй палітызацыі сферы міжнароднага прававога супрацоўніцтва па крымінальных справах”, а таксама “садзейнічаць умацаванню агульнапрызнаных нормаў міжнароднага права, што датычацца суверэннай роўнасці дзяржаў і імунітэтаў службовых асоб дзяржаў, якія з яе вынікаюць”.

Дагаворам вызначаецца неабходная тэрміналогія, вызначаецца кола асоб, на якіх распаўсюджваецца “персанальны або функцыянальны імунітэт”, замацоўваюцца працэдуры, звязаныя з “разглядам запытаў трэціх бакоў у дачыненні да асоб, якія абараняюцца”.

Таксама ўстанаўліваецца парадак дзеянняў Мінска і Масквы ў сувязі з дзеяннямі міжнародных судоў ці трыбуналаў.

У прыватнасці, прадугледжваецца, што “ўдзел аднаго з бакоў ва ўстаноўчым дакуменце міжнароднага суда або трыбунала, а таксама ў іншых інструментах, якія прадугледжваюць супрацоўніцтва з ім, не стварае міжнародна-прававых абавязацельстваў для другога боку і не ўплывае на аб’ём абароны і імунітэтаў, якімі карыстаюцца абароненыя асобы ў адпаведнасці з гэтым пагадненнем, прынцыпамі і нормамі міжнароднага права”.

Адзначаецца, што абароненыя асобы аднаго з бакоў дагавора, якія знаходзяцца на тэрыторыі другога боку, сярод іншага “не могуць без выканання правілаў і працэдур, прадугледжаных гэтым пагадненнем, быць выдадзеныя або іншым чынам перададзеныя такому міжнароднаму суду або трыбуналу, а таксама выдадзеныя або іншым чынам перададзеныя іншаму трэцяму боку для перадачы такому міжнароднаму суду або трыбуналу”.

Дакументам таксама вызначаецца працэдура адмаўлення ад імунітэту і абавязацельства бакоў разгледзець пытанне аб правядзенні ўласнага расследавання, калі прымяненне захадаў абароны, прадугледжаных пагадненнем, было звязана з абвінавачваннем абароненай асобы ў здзяйсненні злачынства.

Прадстаўляць інтарэсы бакоў у рамках гэтага дагавора будуць генеральныя пракуратуры.

Дакумент быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам і прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным 13 сакавіка ў Маскве.

Падзяліцца: