Мінск 22:18

Лукашэнка адмяніў падатковыя льготы для арганізацый — спонсараў спартыўных федэрацый і клубаў

Фота: unsplash.com

17 верасня, Позірк. Указ № 337 “Аб аказанні падтрымкі спартыўным арганізацыям” падпісаў 17 верасня Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Дакумент, як заяўляецца, прадугледжвае “ўвядзенне новага механізму дзяржаўнай падтрымкі федэрацый і спартыўных клубаў”.

У адпаведнасці з указам, федэрацыі і клубы змогуць атрымліваць субсідыі “са строга мэтавым расходаваннем грашовых сродкаў”.

“Федэрацыі могуць атрымліваць субсідыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, а клубы па гульнявых і негульнявых відах спорту — за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падкрэсліваецца, што “адначасова з гэтым спыняецца падтрымка за кошт атрымання спонсарамі льгот па падатку на нерухомасць, зямельным падатку і падатку на прыбытак”.

Рэгуляванне памеру “субсідый, сукупнай падтрымкі, якую атрымліваюць федэрацыі і клубы ад дзяржаўных арганізацый у форме спонсарскай дапамогі, рэкламы і іншага, а таксама заработных плат кіраўнікоў федэрацый, спартсменаў, трэнераў і іншых спецыялістаў” будзе ажыццяўляць урад.

“Для клубаў, якія з’яўляюцца бюджэтнымі арганізацыямі, захоўваецца бюджэтнае фінансаванне”, — адзначае прэс-служба Лукашэнкі.

Пры гэтым указам “не абмяжоўваецца магчымасць самастойна распараджацца заробленымі грашовымі сродкамі і спонсарскай дапамогай, атрыманай ад прыватных арганізацый”.

Таксама дакумент прадугледжвае — “у мэтах стымулявання высокіх спартыўных вынікаў” — стварэнне “агульнакаманднага прызавога фонду для клубаў па гульнявых відах спорту”. “Парадак выдачы і памер прызавых па выніках спартыўнага сезона будзе таксама вызначацца ўрадам”, — удакладняецца ў рэлізе.

Функцыі кантролю за выкарыстаннем федэрацыямі і клубамі сродкаў падтрымкі ад дзяржарганізацый і выкананнем заканадаўства ўскладаюцца на Міністэрства спорту і турызму.

Сцвярджаецца, што прадугледжаныя ўказам меры “дазволяць забяспечыць раўнамернае і аб’ектыўнае размеркаванне сродкаў дзяржаўнай падтрымкі, а таксама кантроль за іх выкарыстаннем”.

Дзеючы ўказ № 191 аб дзяржпадтрымцы спорту Лукашэнка падпісаў у 2013 годзе, ён прадугледжваў згаданыя падатковае льготы для арганізацый — спонсараў клубаў і федэрацый. Гэты дакумент страціць сілу 31 снежня 2025 года, адзначаецца ў паведамленні.

Новы ўказ аб дзяржаўнай падтрымцы спорту 4 красавіка анансаваў кіраўнік Мінспорту Сяргей Кавальчук па выніках нарады ў Лукашэнкі. Ён сказаў, што дакумент плануецца распрацаваць да 1 ліпеня, ён уступіць у сілу 1 студзеня 2026 года.

Паводле слоў кіраўніка ведамства, на нарадзе былі падтрыманыя ўсе ўнесеныя Мінспорту прапановы па “ўдасканаленні сістэмы падтрымкі ў спорце”. Прыйшоў час “памяняць падыходы”, адзначыў чыноўнік. “Павінна быць справядлівае, рацыянальнае, эфектыўнае размеркаванне ўкладзеных сродкаў. Мы павінны кожную капейку лічыць”, — удакладніў ён.

Адной з задач у спорце Кавальчук назваў стварэнне “правільнай сістэмы кантролю”, каб бачыць, “як і на што выдаткоўваюцца сродкі”.

Лукашэнка на нарадзе падкрэсліў “непарушны падыход” дзяржавы да фінансавання спорту. “Даяце вынік — атрымліваеце грошы, і перш за ўсё годную заработную плату. Няма выніку — няма грошай. Вось галоўная формула”, — адзначыў ён.

Паводле яго сцвярджэння, спорт “атрымліваў і будзе атрымліваць” неабходную падтрымку, але “кожны ўкладзены рубель, нават калі іх і няшмат, павінен быць апраўданы і даваць аддачу”.

“Маё патрабаванне: не будзе гэтага — не будзе грошай. Я хачу, каб прэм’ер чуў і міністр фінансаў — не будзе ніякіх грошай, калі не будзе прагрэсу”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

29 лютага 2024 года, заслухаўшы даклад аб развіцці беларускага футбола, ён заявіў: “Увогуле, калі ацэньваць нашыя спартыўныя дасягненні, яны нічога не вартыя”.

“Сорамна глядзець. Часам агідна. Такі спорт народу не патрэбны. І з бюджэту ніхто гэта фінансаваць не будзе. Пра футбол я баюся нават гаварыць. Мы некаторыя каманды з суседніх дзяржаў раней у футболе проста не заўважалі. А зараз?! Але што мяне абурае: аказваецца, новы кіраўнік федэрацыі з міністрам спорту нешта не падзялілі. Яны не могуць працаваць адзін з адным. Цуды! Ды там жа дзяліць няма чаго!” — сказаў Лукашэнка.

Пасля падзей 2020 года і пачатку вайны ва Украіне супраць беларускага, як і расійскага, спорту былі ўведзены санкцыі. У выніку ў Беларусі сёння практычна не праводзяцца міжнародныя спаборніцтвы, айчынныя атлеты пазбаўлены магчымасці выступаць на многіх буйных турнірах за межамі краіны.

Падзяліцца: