Лукашэнка ў чарговы раз выказаўся супраць таго, каб прэзідэнтам краіны была жанчына

17 верасня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка 17 верасня на “сустрэчы з ідэалагічным актывам, гістарычнай і экспертнай супольнасцю“ ў Мінску, прысвечанай “дню народнага адзінства“, у чарговы раз выступіў супраць таго, каб пасаду прэзідэнта ў краіне займала жанчына.
Спаслаўшыся на “вельмі складаную сітуацыю вакол Беларусі“, ён адзначыў, што пажадана, каб прэзідэнтам быў “моцны мужык, які б абавязкова панюхаў пораху”. “Гэта мой пункт гледжання — чалавека, які бязмерна паважае жанчын. Жанчына — гэта ўзор, які прырода стварыла. Тым не менш, я мяркую, што нельга яе на гэтую “гарачую патэльню“ сёння кідаць“, — цытуе прэс-служба палітыка яго адказ на пытанне кіраўніка грамадскага цэнтра заканадаўчых ініцыятыў, экс-кандыдата ў прэзідэнты Ганны Канапацкай.
Пры гэтым адзначаецца, што Лукашэнка нібыта “падкрэсліў важнасць адкрытых і канструктыўных дыскусій у грамадстве, у тым ліку на палітычным узроўні“.
“Людзі павінны гаварыць адкрыта тое, што яны думаюць. Толькі не трэба ламаць. Прыходзьце, будзем разам абмяркоўваць, — сказаў ён. — Так, я нармальна ўспрымаю, калі ты кажаш, што будзе іншы чалавек. Я жанчын паважаю бязмерна і быў бы рады, калі б знайшлася такая жанчына, якая магла б быць цяпер прэзідэнтам“.
“Я будучых прэзідэнтаў у грамадстве таксама шукаю і хачу бачыць. Але я перабіраю многіх асобаў і бачу, што ну немагчыма будзе гэта пацягнуць, — сказаў Лукашэнка. — Трэба час, каб новы чалавек стаў прэзідэнтам, калі не нарадзіўся. Калі ў цябе няма задаткаў прэзідэнта ад прыроды — у Беларусі не лезь“, — “параіў“ палітык патэнцыйным кандыдатам на вышэйшую дзяржаўную пасаду.
14 лістапада 2024 года Лукашэнка пры наведванні абноўленага стадыёна “Трактар“ у Мінску выказаў засцярогу, што ў Беларусі “не дай Бог жанчыну абяруць“ прэзідэнтам.
“У прэзідэнта ЗША не тыя паўнамоцтвы, а тут трэба ўнікаць ва ўсё, — сказаў ён. — У Беларусі прэзідэнт — галоўнакамандуючы (аналагічна ў многіх іншых краінах, дзе жанчыны былі ці знаходзяцца на гэтай пасадзе. — “Позірк”.). І потым, гэта найцяжэйшая праца. Не трэба так грузіць жанчыну, гэта не цырыманіяльная пасада. Можа, з часам мы падыдзем да такога стылю. Але пакуль ён іншы. Я схіляюся перад жанчынамі, ніколькі не прыніжаю іх ролю. Але яны павінны быць побач”.
7 лістапада таго ж года ў інтэрв’ю прапагандысцкаму тэлеканалу “Першы інфармацыйны” Лукашэнка заявіў, што Амерыка яшчэ не гатовая абраць жанчыну ў прэзідэнты, а былога кандыдата ў прэзідэнты ЗША Камалу Харыс назваў “гераічнай жанчынай”.
Лукашэнка тыражуе думку аб непасільнасці ролі прэзідэнта для жанчыны з кампаніі выбараў прэзідэнта 2020 года. Тады ён сказаў, што жанчына не можа ўзначаліць краіну праз вялікую нагрузку, якая кладзецца на плечы кіраўніка краіны: “У нас Канстытуцыя такая, што нават мужыку цяжка несці гэтую ношу. А калі яе загрузіць на жанчыну, яна абрынецца, небарака. Гэта я меў на ўвазе, а не таму, што я не паважаю жанчын”.
Таксама Лукашэнка не раз заяўляў, што нібыта “з жанчынамі не ваюе”. Гэты тэзіс двойчы прагучаў, напрыклад, на сустрэчы з актывам мясцовай вертыкалі 30 ліпеня 2021 года.
У ліпені 2021 года Лукашэнка назваў свайго саперніка на выбарах 2020-га Святлану Ціханоўскую “дурніцай” і “мярзотай”.

- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 17 верасня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаБеларускі праваабаронца Кісляк не можа атрымаць у Грузіі новае часовае пасведчанне асобы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаУ рамках "канцэпцыі рэфармавання медыя ў новай Беларусі" прапануецца ліквідаваць Мінінфарм, стварыць грамадскае вяшчаннеМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+