Мінск 13:17

У Бабруйску загінуў завалены грунтам рабочы

Фота: прэс-служба СК

18 верасня, Позірк. Раптоўнае абвальванне грунту прывяло да гібелі 37-гадовага рабочага ў Бабруйску (Магілёўская вобласць), паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Трагедыя здарылася ўдзень 17 верасня на вул. Гогаля. Паводле інфармацыі ведамства, мужчына, “парушыўшы правілы бяспекі, спусціўся ў траншэю для правядзення работ па пракладцы ліўневай сістэмы”, дзе яго і засыпала зямлёй.

З-пад завалу рабочага дасталі калегі. Медыкі, якія прыбылі на месца здарэння, канстатавалі смерць.

Абставіны гібелі мужчыны высвятляе Бабруйскі міжраённы аддзел СК.

У Беларусі людзі гінуць на працоўных месцах сістэматычна.

3 верасня ў Лельчыцкім раёне (Гомельская вобласць) часткай ствала дрэва быў смяротна траўмаваны 54-гадовы вальшчык лесу.

30 жніўня верасня ў Смаргонскім раёне (Гродзенская вобласць) 56-гадовага электрыка, які ўсталёўваў электрашчыт знешняга ўліку ў садовым таварыстве, забіла токам. 19 жніўня ў Докшыцкім раёне (Віцебская вобласць) сухая елка ўпала на 46-гадовага грузчыка. 14 жніўня ў Бабруйску рознарабочы сарваўся з вышыні і загінуў. 11 жніўня ў Кобрынскім раёне (Брэсцкая вобласць) на 49-гадовага рабочага, які выконваў будаўнічыя работы на тэрыторыі сельгаспрадпрыемства, упала бетонная пліта. 6 жніўня на будаўніцтве аб’екта па вул. Танкавай у Мінску 43-гадовы дапаможны рабочы спатыкнуўся, упаў з вышыні трэцяга паверха на бетонныя прыступкі і памёр ад атрыманых траўмаў.

18 ліпеня на будоўлі ў Новалукомлі (Віцебская вобласць) 35-гадовы дапаможны рабочы зваліўся з трэцяга паверха, памёр у бальніцы. 14 ліпеня ў Наваполацку (Віцебская вобласць) 27-гадовы дапаможны рабочы на будаўнічым аб’екце спатыкнуўся на вышыні больш як 8 метраў і ўпаў на бетоннае пакрыццё.

22 чэрвеня 37-гадовы мужчына, прыцягнуты да зносу будынка ў Валожынскім раёне (Мінская вобласць), загінуў праз абрушэнне бетоннай пліты сцяны-перакрыцця. 11 чэрвеня ў Мачулішчах (Мінскі раён) падчас будаўнічых работ на вул. Авіятараў абарваліся трасы люлькі, якая знаходзілася на ўзроўні чацвёртага паверха — у выніку падзення загінуў 65-гадовы рабочы, яго 50-гадовы калега трапіў у рэанімацыю.

9 студзеня на будаўніцтве комплексу “Мінск-Мір” 41-гадовы мантажнік сарваўся з дзясятага паверха і загінуў.

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 24 красавіка дырэктар дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Семіч, у 2024 годзе траўмы на вытворчасці атрымалі 1.849 чалавек — на аднаго менш, чым у 2023-м (1.850). Колькасць загінулых скарацілася за год на 10,3% (з 117 да 105).

Летась 17 пацярпелых былі маладзейшыя за 18 гадоў, двое з іх загінулі.

74% сярод усіх пацярпелых — мужчыны, сярод загінулых іх 96,2%. Такая прапорцыя “назіраецца ўжо не першы год”. Гэта, на думку Сяміча, сведчыць пра тое, што на працы “жанчыны больш спакойныя і дысцыплінаваныя”. “Партрэт загінулага — мужчына 44–45 гадоў”, — адзначыў прадстаўнік Мінпрацы.

У пяцёрку самых траўманебяспечных прафесій уваходзяць кіроўца аўтамабіля, слесар, дапаможны рабочы, трактарыст, жывёлавод.

Падзяліцца: