Мінск 00:10

Кіраўнік МЗС Літвы: Неабходна павялічыць фінансаванне ЕС для яго членаў, якія мяжуюць з РФ і Беларуссю

18 верасня, Позірк. Неабходна большае фінансаванне Еўрапейскага саюза для ўсходніх яго членаў, якія мяжуюць з Расіяй і Беларуссю, заявіў 18 верасня міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс на сустрэчы ў Вільнюсе з членам Еўрапейскай камісіі (ЕК), экс-прэм’ерам краіны Андрусам Кубілюсам.

“Мы павінны ўмацаваць усходнюю мяжу ЕС, бо менавіта там пачынаецца еўрапейская бяспека. <…> Мы чакаем значнага фінансавання ЕС для ініцыятыў, якія маюць асаблівае значэнне для Літвы, — Балтыйскай лініі абароны, [польскага] “Усходняга шчыта” і граніцы з выкарыстаннем беспілотнікаў”, — цытуе яго прэс-служба МЗС.

Паводле кіраўніка ведамства, узрослая ўвага ЕК да сферы абароны і новыя ініцыятывы ЕС у ёй “вельмі важныя для дасягнення моцнай і ўстойлівай Еўропы, здольнай узяць на сябе адказнасць за сваю бяспеку, дапамагчы Украіне абараніцца ад расійскай агрэсіі і ўнесці адпаведны ўклад у трансатлантычнае супрацоўніцтва”.

Міністр прывітаў рашэнне Еўракамісіі выдзеліць 6,3 млрд еўра на абарону Літвы ў рамках новага Інструмента павышэння абараназдольнасці ЕС (SAFE).

Падзяліцца: