Мінск 21:45

Мытня спыніла вываз у Расію 40 тон груш без дакументаў

22 верасня, Позірк. Аб спыненні вывазу з Беларусі ў Расію дзвюх партый груш паведаміла 22 верасня прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Пры праверцы двух грузавікоў у Віцебскай і Магілёўскай абласцях было ўстаноўлена, што “ў агульнай складанасці 40 тон груш коштам больш за 380 тыс. рублёў мелі намер з парушэннем патрабаванняў транспарціроўкі вывезці ў Расію”.

Вялікагрузы “належалі беларускім індывідуальным прадпрымальнікам”: “Кіроўцы не змаглі прад’явіць мытнікам неабходныя таварасуправаджальныя дакументы, а таксама сертыфікаты, якія пацвярджаюць бяспеку прадукцыі”.

Таксама пры праверцы высветлілася, што на адным з грузавікоў былі “ўстаноўлены несапраўдныя рэгістрацыйныя знакі”. Матэрыялы наконт гэтага перададзены супрацоўнікам Дзяржаўтаінспекцыі Віцебскага раёна.

У адносінах да ўласнікаў транспартных сродкаў пачаты адміністрацыйныя працэсы па арт. 13.12 КаАП (парушэнне парадку набыцця, захоўвання, выкарыстання ў вытворчасці, транспарціроўкі, водпуску і рэалізацыі тавараў), санкцыі якой прадугледжваюць штраф у памеры да 50% ад кошту прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.

5 жніўня ДМК паведамляў, што мытнікі ўстанавілі чатыры факты незаконнай транспарціроўкі ў РФ садавіны, іх агульная маса склала 80 тон.

Падзяліцца: