Мінск 15:12

За парушэнні правілаў дарожнага руху з Беларусі высылаюць замежнага студэнта

Фота: "На варце"

23 верасня, Позірк. Пра прымусовую высылку з Беларусі 19-гадовага замежнага студэнта паведаміла 23 верасня ведамасная газета МУС “На варце”.

Адзначаецца, што нагодай паслужыла “сістэматычнае парушэнне заканадаўства”.

“Малады чалавек прыбыў у Беларусь для навучання менш за год таму, — гаворыцца ў матэрыяле. — Аднак за гэты кароткі тэрмін ён здзейсніў шэсць адміністрацыйных правапарушэнняў (усе звязаныя з парушэннямі Правілаў дарожнага руху, у тым ліку стварэннем аварыйнай абстаноўкі). Ён нават быў пазбаўлены права кіравання аўтамабілем на чатыры месяцы, аднак па заканчэнні тэрміна здзейсніў яшчэ два правапарушэнні”.

З ініцыятывы Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС, рашэнне пра высылку і забарону ўязджаць у Беларусь на працягу трох гадоў было абвешчана ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце на сустрэчы з замежнымі студэнтамі, у тым ліку аднакурснікамі парушальніка.

Маладога чалавека папярэдзілі пра крымінальную адказнасць, калі ён парушыць прадпісанне пакінуць краіну.

27 чэрвеня МУС паведамляла пра высылку з Беларусі студэнткі з Нігерыі: “Высветлена, што дзяўчына была працаўладкаваная ў інтэрнэт-краму, які распаўсюджваў наркатычныя сродкі, на пасаду “закладчыка”, але наркатычныя рэчывы для рэалізацыі не атрымала і непасрэднай працы не распачынала”. Дзяўчыне забаранілі ўязджаць у Беларусь цягам пяці гадоў.

За дзень да гэтага паведамлялася, што за крадзеж булачкі ў краме, спробу вынесці ў кішэні фарш і безбілетны праезд з Беларусі выдвараны грамадзянін РФ — студэнт медуніверсітэта ў Гродне.

“Улічваючы неаднаразовыя факты правапарушэнняў, якія сведчаць пра тое, што грамадзянін Расіі на шлях выпраўлення станавіцца ў найбліжэйшы час не мае намеру, камісія прыняла рашэнне пра яго высылку з краіны тэрмінам на 5 гадоў. У выпадку спробы ўехаць на тэрыторыю Беларусі ў гэты перыяд часу ў дачыненні да яго будзе ўзбуджана крымінальная справа”, — паведамляла ведамства.

Справа гэтага студэнта таксама разглядалася публічна — проста ў Гродзенскім медуніверсітэце.

У паведамленні адзначалася, што ў Беларусі навучаецца “больш за 100 тысяч замежных навучэнцаў з 30 краін свету”, аднак “гасціннасць не азначае ўседазволенасць”.

У траўні стала вядома пра высылку з Беларусі “ў добраахвотным парадку” грамадзяніна Туркменістана, які здзейсніў “правапарушэнне ў частцы датрымання да правілаў дарожнага руху”. Замежніку на год забаранілі вяртацца ў Беларусь.

Працэдура “азнаямлення” туркменскага грамадзяніна з прынятым рашэннем была праведзеная супрацоўнікамі Маскоўскага РУУС Брэста “публічна ў сценах Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна”, у якім навучаўся малады чалавек.

У тым жа месяцы паведамлялася пра выправаджэнне з Беларусі двух студэнтаў з Марока, якія ўчынілі бойку ў Гомелі. У дачыненні да іх таксама былі праведзеныя працэдуры “публічных высылак <…> па месцах навучання, а таксама ў тэрытарыяльным падраздзяленні міліцыі”.

Бойка паміж грамадзянамі Марока адбылася ў Гомелі ў ноч на 22 красавіка. Паводле версіі МУС, замежнікі “высвятлялі стасункі праз бытавы канфлікт”.

22 красавіка МУС выступіла з заявай, у якой папярэдзіла пра незаконнасць распаўсюду “фэйкаў, якія спараджаюць паніку і распальваюць міжнацыянальную варожасць”.

Падзяліцца: