Стрыжак працягне працу ў BySol “у абмежаваным фармаце”, без выканання кіруючых функцый (дапоўнена)

24 верасня, Позірк. Сузаснавальнік фонду салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак працягне працу ў праекце, але ў “абмежаваным фармаце”, паведаміла арганізацыя 24 верасня.
У прыватнасці, ён не будзе выконваць кіруючых функцый.
Паведамляецца, што спецыяльна створаная камісія рэкамендавала цалкам спыніць супрацоўніцтва са Стрыжаком пасля разгляду “12 кейсаў харассмента”.
Стрыжак з рашэннем камісіі не пагадзіўся, назваўшы яго “празмерным і непрапарцыйным як па сутнасці, так і па працэдуры”, гаворыцца ў паведамленні. Таксама ён заявіў камісіі “асабістыя абавязацельствы, накіраваныя на ліквідацыю нанесенай шкоды”.
Рашэнне аб захаванні супрацоўніцтва было прынята па выніках наступнага тайнага галасавання каманды фонду (без удзелу Стрыжака).
Падкрэсліваецца, што ў “абмежаваным фармаце” сузаснавальнік фонду будзе працаваць да 19 сакавіка 2026 года. Стрыжак адхілены не толькі ад кіруючых, але і ад прадстаўніцкіх і ўстаноўчых функцый у BySol — “фармальна і нефармальна”, адзначае арганізацыя.
Устаноўчыя функцыі перадаюцца дырэктару фонду Віталіусу Моцкусу. Адзначаецца, што ўсе публічныя заявы Стрыжака цяпер не з’яўляюцца афіцыйнай пазіцыяй BySol.
У паведамленні гаворыцца, што “пасля заканчэння шасцімесячнага тэрміну будзе праведзеная ацэнка супрацоўніцтва і прынятае рашэнне аб далейшым працягу і фармаце працы”.
“Мы пачынаем ўнутраную рэформу кіравання арганізацыяй і працягваем сваю дзейнасць”, — заявіў BySol.
Пры гэтым паведамляецца, што “па стане на 23.09.2025 аб сваім рашэнні пакінуць каманду заявілі трое супрацоўнікаў”.
23 ліпеня BySol паведаміў, што Стрыжак адхілены ад “кіруючай пасады” і “выканання прадстаўніцкіх функцый” у фондзе салідарнасці. Адзначалася, што адхіленне будзе дзейнічаць у “перыяд правядзення разбіральніцтва”, звязанага з абвінавачваннем Стрыжака ў харасменце.
21 ліпеня на “Еўрарадыё” выйшаў матэрыял “Андрэй Стрыжак і няпрошаныя дыкпікі”. У ім сцвярджалася, што кіраўнік BySol Стрыжак высылаў беларускім актывісткам і праваабаронцам дыкпікі (фатаграфіі свайго палавога члена). Некалькі прадстаўніц фемінісцкай супольнасці пацвердзілі “Еўрарадыё”, што ведаюць пра сітуацыю. Ім вядома як мінімум пра сем падобных кейсаў. Дзве дзяўчыны падзяліліся са згаданым СМІ сваімі гісторыямі.
У той жа дзень Стрыжак на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” адзначыў, у прыватнасці, што “ў жыцці кожнага чалавека бываюць учынкі, якія не робяць яму гонару”, і папрасіў прабачэння перад усімі, каго яго ўчынкі “маглі абразіць, закрануць або ўстрывожыць”. Паводле сцвярджэння кіраўніка BySol, яго дзеянні “не прадугледжвалі прымусу, злоўжывання службовым становішчам, жадання нажывы або чагосьці падобнага”.
Аб’яднаны пераходны кабінет заявіў аб недапушчальнасці любой праявы харассмента або дамаганняў, “выкарыстання свайго статусу ў грамадзянскай супольнасці дзеля паводзін, якія парушаюць асабістыя межы іншых людзей, якія закранаюць, зневажаюць, абражаюць жанчын і якія ствараюць прастору эмацыйнай, псіхалагічнай і фізічнай небяспекі для іх”.

- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ГрамадстваУ Мінскай вобласці не паспеюць да ацяпляльнага сезона замяніць усе цепласеткі — чыноўнік ЖКГМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаУ жніўні намінальны сярэдні заробак паменшыўся на 9,7 рубля, гэта першае зніжэнне са студзеня (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 23 верасня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства