Мінск 10:26

Польшча адкрыла мяжу з Беларуссю — у чарзе на выезд 1,2 тыс. грузавых, 3,3 тыс. легкавых аўтамабіляў, 50 аўтобусаў

Відэазапіс: ДПК / стоп-кадр: "Позірк"

25 верасня, Позірк. У 0 гадзін 25 верасня (1 гадзіна паводле мінскага часу) Польшча адкрыла мяжу з Беларуссю.

Аднавілі працу пасажырскі пункт пропуску Цярэспаль (з сумежнага боку Брэст), грузавы — Кукурыкі (Казловічы), а таксама чатыры чыгуначныя: Кузніца-Беластоцкая (Гродна), Зубкі-Беластоцкія (Бераставіца), Сямёнаўка (Свіслач), Цярэспаль (Брэст).

Паводле даных Дзяржпагранкамітэта Беларусі, на момант адкрыцця мяжы выезду ў ЕС чакалі 1.154 грузавых аўтамабіля, 3.252 легкавых і 50 аўтобусаў.

Крыніца: ДПК / стоп-кадр: "Позірк"
Крыніца: ДПК / стоп-кадр: "Позірк"

Аб аднаўленні працы пунктаў пропуску (акрамя трох, што зачыненыя ў рамках санкцый супраць беларускага рэжыму) абвясціў 23 верасня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў выпадку неабходнасці — калі “ўзмоцніцца напружанасць або агрэсіўныя паводзіны некаторых суседзяў“ — урад “не будзе вагацца“ і закрые мяжу зноў.

Польшча закрыла мяжу з Беларуссю 12 верасня, калі пачаліся беларуска-расійскія стратэгічныя вучэнні “Захад-2025“, якія і паслужылі падставай для такога рашэння.

У апошні дзень манеўраў, 16 верасня, стала вядома, што Варшава пасля іх заканчэння мяжу не адкрые.

Пытанне мяжы абмяркоўвалася з міністрам замежных спраў Кітая Ван І 15 верасня, падчас яго візіту ў Польшчу. Праз беларуска-польскую мяжу праходзіць значны аб’ём кітайскіх тавараў у Еўропу.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская вітала намер Варшавы адкрыць мяжу з Беларуссю, адзначыўшы “канструктыўную ролю” Кітая.

Падзяліцца: