У дзень супраць ядзернай зброі Рыжанкоў заявіў пра “абарончае” размяшчэнне ў Беларусі расійскай ТЯЗ

27 верасня, Позірк. Свет “зноў сутыкнуўся з усё большай ядзернай пагрозай”, заявіў 26 верасня ў Нью-Ёрку Максім Рыжанкоў — міністр замежных спраў Беларусі, на тэрыторыі якой, як сцвярджаюць улады, размешчаная расійская тактычная ядзерная зброя (ТЯЗ).
Паводле інфармацыі прэс-службы МЗС, чыноўнік заявіў пра гэта на палях Генеральнай асамблеі ААН — на “пасяджэнні высокага ўзроўню”, прымеркаваным да Міжнароднага дня барацьбы за поўную ліквідацыю ядзернай зброі.
Рыжанкоў заявіў, што наяўнасць ядзернай зброі з’яўляецца “адзінай гарантыяй для суверэнных дзяржаў” у святле “падвышанай мілітарызацыі і цяперашняй гонкі ўзбраення”.
У той жа час, паводле яго слоў, Мінск выступае за “мэтанакіраваную працу па выпрацоўцы надзейных гарантый бяспекі для ўсіх краін”.
“Кіраўнік МЗС падкрэсліў, што дзеянні Беларусі, уключаючы размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі і балістычных ракет “Арэшнік”, з’яўляюцца абарончымі і скіраваныя выключна на абарону суверэнітэту. Гэта ажыццяўляецца ў строгай адпаведнасці з міжнародным правам і Дагаворам аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі”, — сцвярджае знешнепалітычнае ведамства.
Паводле слоў Рыжанкова, неабходна ўмацаваць давер паміж дзяржавамі і стварыць эфектыўную сістэму “калектыўных гарантый”. “Будуць гарантыі бяспекі — адпадзе неабходнасць у ядзернай зброі”, — заявіў ён.
Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 6 снежня 2024 года ў Мінску ў рамках пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы падпісалі дагавор аб гарантыях бяспекі. Прэзідэнт РФ тады заявіў, што дакумент “вызначае ўзаемныя саюзніцкія абавязацельствы па забеспячэнні абароны, абарону суверэнітэту, незалежнасці і канстытуцыйнага ладу” дзвюх краін. Паводле яго слоў, таксама гаворка ідзе пра “цэласнасць і недатыкальнасць тэрыторыі і знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы, прычым з задзейнічаннем усіх існых сіл і сродкаў”.
Пуцін тады ў чарговы раз нагадаў, што “гаворка ў тым ліку ідзе і пра расійскую тактычную ядзерную зброю”, размешчаную, як было заяўлена, “на прапанову” Лукашэнкі на тэрыторыі Беларусі. Ён зноў паўтарыў тэзу пра магчымасць выкарыстання ТЯЗ “у абарончых мэтах у адказ на магчымы напад з выкарыстаннем зброі масавага паражэння або пры адбіцці такой агрэсіі з выкарыстаннем звычайнай зброі, якая стварае крытычную пагрозу для суверэнітэту або тэрытарыяльнай цэласнасці”.
26 траўня 2025 года кіраўнік Службы знешняй выведкі (СЗВ) Украіны Алег Івашчанка ў інтэрв’ю агенцтву “Укрінформ” усумніўся ў тым, што ў Беларусі з’явіцца расійскі ракетны комплекс “Арэшнік”, і абверг факт наяўнасці ў Беларусі ТЯЗ. “Носьбіты маюцца. Маюцца самалёты, маюцца АТРК “Іскандэр”. Але самой ядзернай зброі ў Беларусі няма. Гэта факт”, — заявіў ён.
- Грамадства
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЦіханоўская ў Чыкага заклікала адрадзіць веру ў дэмакратыю і прыхільнасць да свабоды (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваУ Беларусі колькасць грамадзян сталага веку за год павялічылася на 3,5% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка