Мінск 23:41

Украіна заклікала свет асудзіць рашэнне Міжнароднага паралімпійскага камітэта пра аднаўленне правоў Беларусі і РФ

Ілюстрацыйнае фота: Yehor Milohrodskyi / unsplash.com

27 верасня, Позірк. З заклікам асудзіць “ганебнае рашэнне” Міжнароднага паралімпійскага камітэта (МПК) пра аднаўленне правоў і прывілеяў Беларусі і Расіі звярнуліся да “ўсяго спартыўнага свету, усіх дзяржаў, спартыўных інстытутаў, спартсменаў і трэнераў, якія не страцілі маральны компас”, Міністэрства замежных спраў і Міністэрства моладзі і спорту Украіны.

У сумеснай заяве ведамстваў гаворыцца, што частковыя абмежаванні ў дачыненні, у прыватнасці, да Паралімпійскага камітэта РФ “дзейнічалі ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну”.

“Расійскае ўварванне працягваецца, як і расійскія зверствы супраць украінцаў, але Генеральная асамблея МПК нечаму вырашыла змяніць сваю пазіцыю, — гаворыцца ў дакуменце. — Насамрэч адзінае, што змянілася, гэта страта функцыянерамі МПК рэшткаў сумлення”.

Міністэрствы звярнулі ўвагу на тое, што падобны разварот адбываецца на фоне “адмаўлення Расіі ад міру”, “эскалацыі тэрору супраць украінцаў” ды “правакацый супраць іншых еўрапейскіх краін”. Прынятае МПК рашэнне “фактычна заахвочвае расійскую агрэсію, тэрор і забойствы, садзейнічае беспакаранасці расійскага і беларускага рэжымаў у той час, калі ўся міжнародная супольнасць працуе над павышэннем ціску на Маскву дзеля пабуджэння яе да міру”.

“Рашэнне МПК уцягвае міжнародны спорт у палітыку і прапаганду вайны, бо яшчэ з савецкіх часоў Масква выкарыстоўвае спорт як інструмент прапаганды, — перакананыя МЗС і Мінспорту Украіны. — Вядомыя расійскія і беларускія трэнеры і спартсмены выказваюць шчырую падтрымку ўзброенай агрэсіі Расіі супраць Украіны, выступаюць у прапагандысцкіх мерапрыемствах пуцінскага рэжыму. Нямала “паралімпійцаў” з Расіі і Беларусі бралі непасрэдны ўдзел у крывавай вайне супраць украінскага народа, праславіўшыся сваім “гераізмам” і жорсткасцю“.

Украінскія ўлады заклікалі Італію, якая будзе прымаць зімовыя Паралімпійскія гульні ў 2026 годзе, “не дапусціць з’яўлення расійскіх сцягоў, пад якімі сёння забіваюць украінцаў, падчас спаборніцтваў”.

“Расійскія і беларускія спартсмены і іх сімволіка не маюць права вяртацца на міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы да тае пары, пакуль Расія не спыніла генацыдную вайну супраць Украіны”, — гаворыцца ў заяве.

Як паведамляў “Позірк”, на сесіі Генеральнай асамблеі МПК 27 верасня ў Сеуле (Паўднёвая Карэя) большасць арганізацый — членаў камітэта прагаласавала за аднаўленне поўных правоў і прывілеяў паралімпійскіх камітэтаў Беларусі і РФ.

“Новае рашэнне азначае, што цяпер паралімпійскія камітэты Беларусі і РФ зноў могуць цалкам удзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах і браць удзел у галасаваннях у складзе МПК”, — патлумачыла прэс-служба арганізацыі. Заяўлена, што ў бліжэйшы час “будуць узгодненыя практычныя крокі па аднаўленні ўсіх фармальных працэдур членства”.

На пачатку верасня прэзідэнт Паралімпійскага камітэта РФ Павел Ражкоў заяўляў, што беларускія і расійскія спартсмены пакуль не атрымалі дазвол удзельнічаць у зімовых Паралімпійскіх гульнях, якія пройдуць у Мілане і Карціна-д’Ампеца (Італія) з 6 па 15 сакавіка 2026 года.

На зімовай Паралімпіядзе 2022 года (прайшла ў Пекіне 4–13 сакавіка) Беларусь і РФ не выступалі праз развязаную Масквой пры падтрымцы Мінска вайну ва Украіне.

У летніх Паралімпійскіх гульнях, якія прайшлі ў Парыжы з 28 жніўня па 8 верасня 2024 года, удзельнічала ў нейтральным статусе восем беларускіх спартсменаў. Пяць залатых узнагарод выйграў Ігар Бокій, адну — Ягор Шчалканаў, срэбны медаль выйграў Дзмітрый Салей. Усе яны прадстаўлялі плаванне.

29 жніўня стала вядома пра затрыманне па крымінальнай справе шматгадовага старшыні Паралімпійскага камітэта Беларусі, кіраўніка Беларускага таварыства інвалідаў па зроку (БелТІЗ) Алега Шэпеля.

Падзяліцца: