Мінск 18:30

На ферме ў Лёзненскім раёне задыхнулася 677 парасят, узбуджана крымінальная справа

Фота: СК

28 верасня, Позірк. Аб масавай гібелі парасят у Лёзненскім раёне (Віцебская вобласць) паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Гэта здарылася 26 красавіка 2025 года з прычыны “службовай халатнасці” галоўнага інжынера сельскагаспадарчага прадпрыемства, сцвярджае ведамства.

“У ходзе расследавання ўстаноўлена, што комплекс абсталяваны сістэмай клімат-кантролю. Доступ да яе кіравання меў галоўны інжынер. Следчыя выявілі, што ў сярэдзіне сакавіка адбылася перазагрузка сістэмы, для чаго ў яе спатрэбіўся паўторны ўваход, аднак гэтага не атрымлівалася зрабіць праз няспраўнасць клавіятуры ў пакоі аховы”, — гаворыцца ў рэлізе.

Адзначаецца, што галоўны інжынер “няспраўнасць не ліквідаваў, а таксама не наладзіў ні гукавую, ні светлавую сігналізацыі для апавяшчэння работнікаў аб аварыйных сітуацыях на прадпрыемстве і менавіта з гэтага перыяду з’яўляўся адзіным работнікам дзяржаўнага прадпрыемства, якому ў непрацоўны час паступалі паведамленні — апавяшчэнні аб працы сістэмы клімат-кантролю, у тым ліку аб крытычных зменах тэмпературы ў сектарах рэпрадуктара, дзе ўтрымліваюцца жывёлы”.

У ноч на 26 красавіка ў памяшканні з парасятамі адбылося адключэнне сістэмы вентыляцыі, што прывяло да “павышэння тэмпературы звыш устаноўленай нормы і непаступлення свежага паветра”, паведамляе СК. “У гэты перыяд часу абвінавачаны атрымліваў сігналы трывогі, аднак не прыняў меры па зніжэнні тэмпературы праз праграмнае забеспячэнне, усталяванае на мабільным тэлефоне, а таксама не апавясціў работнікаў аб праблеме”, — адзначае ведамства.

У выніку загінула 677 парасят, 160 жывёл “работнікам прадпрыемства ўдалося выратаваць”. Памер нанесенай прадпрыемству шкоды перавысіў 151 тыс. рублёў.

“Згодна з пратаколам патолагаанатамічнага ўскрыцця трупаў жывёл, прычынай смерці з’явілася спыненне сэрца і асфіксія ў выніку ацёку лёгкіх, гэта значыць парасяты загінулі ад павышэння тэмпературы і адсутнасці прытоку свежага паветра”, — падкрэслівае камітэт.

У той дзень, як заяўляецца, галоўны інжынер “перад тым, як легчы спаць”, ажыццяўляў “аддалены доступ да сістэмы, але толькі для таго, каб паглядзець тэмпературу ў праблемных месцах”. Сектар, дзе адбыўся падзёж парасят, ён “не пракантраляваў, бо раней у ім праблем не ўзнікала”.

Пры гэтым, паводле даных следства, на мабільны тэлефон супрацоўніка прыходзілі паведамленні з сігналамі трывогі аб працы сістэмы клімат-кантролю і перавышэнні дапушчальнай тэмпературы на ферме.

У дачыненні да 53-гадовага мужчыны ўзбуджаная крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 428 КК (невыкананне і неналежнае выкананне службовай асобай сваіх службовых абавязкаў з прычыны нядобрасумленнага і нядбайнага стаўлення да службы, якія пацягнулі па неасцярожнасці прычыненне шкоды дзяржаўнай маёмасці ў асабліва буйным памеры).

Падзяліцца: