Мінск 13:16

З пачатку года за фізічнае пакаранне дзяцей да адказнасці прыцягнута сем бацькоў у Брэсцкай вобласці

2 кастрычніка, Позірк. Сем бацькоў прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за фізічнае пакаранне дзяцей з пачатку года ў Брэсцкай вобласці, паведамляе пракуратура рэгіёну.

Адзначаецца, што пры выяўленні фактаў збіцця бацькамі сваіх дзяцей у выпадку адсутнасці заявы пацярпелага або яго законнага прадстаўніка пракуроры выносяць пастановы аб падрыхтоўцы спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія накіроўваюцца ў АУС. Акрамя таго, разглядаецца пытанне аб арганізацыі правядзення прафілактычнай работы з бацькамі.

У паведамленні прыводзіцца некалькі прыкладаў.

У Пінскім раёне мужчына прыцягнуты да адказнасці паводле ч. 1 арт. 10.1 КаАП (наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання і іншыя гвалтоўныя дзеянні альбо парушэнне ахоўнага прадпісання) за тое, што “падчас сваркі разбіў шкло ў дзверы ў пакой сына 2009 года нараджэння, крычаў і штурхаў дзіця”.

Па патрабаванні пракуратуры праведзена расследаванне, прызнана, што дзіця знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы (СНС). Адметна, што бацькі дзіцяці пражываюць сумесна, але афіцыйна разведзеныя.

У Баранавічах прадстаўнік установы адукацыі звярнуўся ў міліцыю з заявай аб збіцці вучаніцы бацькам. Баранавіцкі міжраённы пракурор ініцыяваў прыцягненне мужчыны да адказнасці паводле ч. 2 арт. 10.1 КаАП. Па выніках сацрасследавання прызнана, што дзіця знаходзіцца ў СНС.

Сістэма дзяржаўнай абароны і кантролю над дзецьмі ў Беларусі ўспрымаецца грамадскасцю неадназначна.

Пасля забойства бацькамі трохгадовага Сямёна Таратуты ў Слуцку (Мінская вобласць) у кастрычніку 2023 года была распачатая крымінальная справа супраць службовых асоб, у абавязкі якіх уваходзіла прафілактыка сямейнага недабрабыту. Бацьку дзіцяці Аляксандру Таратуце вынеслі смяротны прысуд, маці Анастасія Таратута прыгавораная да 25 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму.

На фоне забойства Сямёна Таратуты, а затым задушэння маці чатырох сваіх дзяцей у лютым 2024 года ў Баранавічах (Брэсцкая вобласць) сацыяльныя службы актывізаваліся. Перыядычна з’яўляюцца паведамленні аб канфіскацыі дзяцей з сем’яў і прызнання, што яны знаходзяцца ў СНС.

У снежні 2023 года ў Беларусі змянілі правілы прызнання дзяцей у СНС. Напрыклад, у СНС могуць уключыць дзяцей, якія выхоўваюцца ў сем’ях, дзе абодва бацькі афіцыйна не працаўладкаваныя.

У СНС маюць права ўключыць на падставе палітычнага пераследу: калі бацька быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за “прапаганду або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі” (арт. 19. 10 КаАП); “распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць” (19.11 КаАП); “незаконны выраб і (або) распаўсюд методык альбо іншых матэрыялаў пра спосабы вырабу выбуховых прылад і выбуховых рэчываў” (19.12 КаАП).

Падзяліцца: