Мінск 14:11

МУС і СК справаздачыліся аб затрыманні маньяка, які здзейсніў у 90-я гады восем забойстваў

Фота: МУС

2 кастрычніка, Позірк. Пра затрыманне ў Магілёве 53-гадовага работніка аднаго з мясцовых прадпрыемстваў паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў.

Затрыманне ў цэнтры горада правялі байцы атрада спецпрызначэння “Алмаз”. Мужчына абвінавачваецца ў шэрагу цяжкіх злачынстваў.

“З 1996 па 1999 гады злачынец высочваў ля шматпавярховак ахвяр крохкага целаскладу, якія не маглі аказаць супраціву. У пад’ездах, ліфтах, на лесвічных пляцоўках і дахах здзяйсняў дзеянні сексуальнага характару або згвалтаванні. Калі сустракаў супрацьдзеянне — забіваў шляхам задушвання альбо нанясення нажавых раненняў. На сумленні маньяка восем забойстваў беларусак ва ўзросце ад 12 да 20 гадоў, а таксама два замахі на забойства і згвалтаванне”, — гаворыцца ў паведамленні.

Як адзначаецца, каб яго злавіць, аператыўнікі крымінальнага вышуку “адпрацавалі дзясяткі версій і тысячы асоб, аднак па гарачых слядах раскрыць злачынствы не ўдалося”.

У поле зроку апынуліся больш за 40 тыс. мужчын, якія падыходзілі па ўзросце і прыкметах. У агульнай складанасці, пачынаючы з 90-х, па ўсёй краіне праверана каля 100 тыс. чалавек.

“Адначасова з асноўнай версіяй адпрацоўваліся асобы, раней судзімыя за аналагічныя злачынствы, якія адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі, якія знаходзяцца на ўліках у псіханеўралагічных дыспансерах, якія пакутуюць рознымі псіхічнымі захворваннямі, а таксама якія выехалі за межы рэспублікі. Правяраліся работнікі камунальных службаў, у тым ліку ліфцёры. У поле зроку міліцыянтаў таксама знаходзіліся супрацоўнікі горадаўтваральных прадпрыемстваў, якія адсутнічалі на працоўных месцах з-за розных прычын у перыяды здзяйснення забойстваў”, — паведаміў на прэс-канферэнцыі 2 кастрычніка начальнік галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Аляксандр Капішаў.

Паводле яго, на першапачатковым этапе пошукі праводзіліся па кожным з забойстваў паасобку. Пры гэтым не было дастатковых падстаў меркаваць, што ўсе злачынствы здзейсненыя адной і той жа асобай.

У наступным, аналізуючы абставіны супрацьпраўных дзеянняў, месца, час, спосаб, прыкметы нападніка, паказанні відавочцаў і сведак, супрацоўнікі МУС прыйшлі да высновы, што злачынствы носяць серыйны характар.

Гарады, у якіх адбыліся напады, размяшчаліся на скрыжаванні некалькіх чыгуначных шляхоў і кірункаў: “Магілёў — Орша — Віцебск” і “Орша — Мінск”. Гэта навяло следства на версію: злачынствы маглі здзяйсняцца работнікам чыгункі.

“Затрыманы пражываў адзін у прыватным доме, працаваў фрэзероўшчыкам і токарам на адным з заводаў Магілёва. Раней праходзіў тэрміновую службу ва Узброеных сілах, жанаты ніколі не быў, дзяцей няма. У выніку аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, следчых дзеянняў і экспертных даследаванняў устаноўлена дачыненне фігуранта да здзяйснення васьмі забойстваў, двух замахаў на забойства і згвалтаванне. У цяперашні час устанаўліваюцца іншыя магчымыя эпізоды яго злачыннай дзейнасці”, — падкрэсліў Копішаў.

На прэс-канферэнцыі начальнік галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта Аляксандр Агафонаў прывёў прыклады расследавання рэзанансных злачынстваў мінулых гадоў: “Зверскае забойства” сям’і з шасці чалавек у вёсцы Вялікая Машчаніца (Бялыніцкі раён Магілёўскай вобласці); справа “чорных рыэлтараў” з Магілёва, па якой “усе вінаватыя ўстаноўленыя і панеслі заслужанае пакаранне”.

“Працягваецца планамерная праца па пошуку і прыцягненню да адказнасці ўдзельнікаў г.зв. “банды Марозава”. Экстрадаваны з Расійскай Федэрацыі і асуджаны “правая рука” Марозава — Дзербянёў. На завяршальным этапе знаходзіцца крымінальная справа “штатнага кілера” банды Рэцкага, якога экстрадавалі з Рэспублікі Казахстан”, — паведаміў прадстаўнік СК.

Падзяліцца: