Мінск 13:15

У бок Польшчы зноў узнікла чарга легкавых аўтамабіляў — даныя Дзяржпагранкамітэта

Пункт пропуску Брэст
Ілюстрацыйнае фота: Дзяржпагранкамітэт

3 кастрычніка, Позірк. На 10:00 3 кастрычніка выезду ў Польшчу перад пунктам пропуску Цярэспаль (з беларускага боку — Брэст) чакала 530 легкавых аўто, у той жа час у папярэдні дзень чаргі не было, вынікае з даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, польскі бок “прыняў на сваю тэрыторыю толькі 37% легкавушак ад нормы”.

На раніцу 3 кастрычніка выезду ў Літву праз пункт пропуску Каменны Лог (Мядзінінкай) чакала 30 легкавых аўтамабіляў. У пункце Беняконі (Шальчынінкай) чаргі не было, як і на мяжы з Латвіяй.

Паводле даных Дзяржпагранкамітэта, польскі кірунак застаецца самым загружаным для грузавога транспарту: перад пунктам Кукурыкі (Казловічы) уезду ў ЕС на 10:00 3 кастрычніка чакала 2.060 фур — на 240 больш, чым учора. Сцвярджаецца, што кантрольныя службы Польшчы прынялі на сваю тэрыторыю 35% нормы вялікагрузаў.

“Перад літоўскімі пагранпераходамі Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі) знаходзіцца 1.200 грузавікоў. Праз гэтыя пункты пропуску ў Літву за суткі накіравалася ўсяго 24% аўто ад нормы”, — гаворыцца ў паведамленні.

Ведамства заяўляе, што кантрольныя службы латвійскага пункта пропуску Патэрніекі (Грыгароўшчына) прынялі 27% вялікагрузаў (у чарзе знаходзілася 715 аўто).

Паводле даных на сайце Дзяржпагранкамітэта, чэргаў аўтобусаў на выезд у сумежныя краіны ЕС на 10:00 3 кастрычніка не назіралася.

Пра аднаўленне з 24 верасня працы пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю (акрамя трох, што закрытыя ў рамках санкцый супраць беларускага рэжыму) абвясціў 23 верасня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў выпадку неабходнасці — калі “ўзмоцніцца напружанасць або агрэсіўныя паводзіны некаторых суседзяў” — урад “не будзе вагацца” і закрые мяжу зноў.

Польшча закрыла мяжу з Беларуссю 12 верасня, калі пачаліся беларуска-расійскія стратэгічныя вучэнні “Захад-2025”, якія і паслужылі падставай для такога рашэння.

Падзяліцца: