Мінск 19:33

Затрыманы на мяжы Літвы п’яны кіроўца цягача выязджаў з Беларусі цвярозым, сцвярджае мытня

Фота: САДМ Літвы

4 кастрычніка, Позірк. Затрыманы 2 кастрычніка на літоўскім баку п’яны кіроўца цягача выязджаў з Беларусі цвярозым, заявіла прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта, адрэагаваўшы ў 16:34 на інфармацыю “некаторых крыніц”, якія спаслаліся на Службу аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Літвы.

“Грамадзянін Малдовы 1969 г. н. перамяшчаў ячменны солад (у паведамленні САДМ фігуруе пшаніца. — “Позірк”.) з Беларусі ў Малдову, — гаворыцца ў паведамленні. — У беларускі пункт пропуску “Каменны Лог” ён уехаў 1 кастрычніка ў 23:34 у цвярозым стане, паспяхова прайшоў мытны кантроль у 23:54 і пашпартны ў 23:55″.

“А літоўскія службы прапусцілі яго на сваю тэрыторыю толькі амаль праз 14 гадзін чакання. Такое доўгае чаканне, відаць, і стала падставай да здзяйснення падобных дзеянняў”, — сцвярджае ДМК.

Ведамства заявіла, што беларускія службы “не правяраюць па некалькі разоў грамадзян, якія выязджаюць з Беларусі, тавары, якія імі перамяшчаюцца, і не нясуць адказнасці за дзеянні, якія кіроўцы здзяйсняюць падчас шматгадзіннага чакання выезду на літоўскі бок”.

Да поўдня 4 кастрычніка “Позірк” са спасылкай на САДМ паведаміў, што моцна п’янага кіроўцу грузавіка з пшаніцай для вытворчасці піва, які ехаў з боку Беларусі, затрымалі 2 кастрычніка ў пункце пропуску Мядзінінкай.

Калі кіроўца цягача MAN з паўпрычэпам — 56-гадовы грамадзянін Малдовы — прад’явіў дакументы, у памежнікаў узніклі падазрэнні, што ён нецвярозы: “Ад яго ішоў моцны пах алкаголю, маўленне было невыразным, рухі — некаардынаванымі”.

Мужчыну праверылі з дапамогай алкатэстара. Прыбор паказаў цяжкую ступень ап’янення — 2,58 праміле алкаголю ў выдыханым паветры (адпавядае 2,58 г чыстага алкаголю на літр крыві). САДМ адзначыла, што “ў Літве за такі стан прадугледжаная крымінальная адказнасць”.

“На пытанне, ці ўжываў ён спіртное, замежнік пацвердзіў, што піў напярэдадні ўвечары, — сцвярджала памежная служба. — Пра здарэнне было паведамлена Вільнюскаму раённаму камісарыяту паліцыі. Калі яго супрацоўнікі прыбылі ў пункт пропуску, алкатэстар паказаў <…> яшчэ больш высокі вынік. Амаль праз гадзіну пасля першага тэста ў замежніка ізноў была пацверджаная цяжкая ступень ап’янення (2,87 праміле)”.

“Моцна п’янага кіроўцу грузавіка да ўезду ў Літву павінны былі правяраць беларускія пагранічнікі ў пункце пропуску Каменны Лог, размешчаным перад Мядзінінкайскім КПП”, — звярнула ўвагу САДМ.

Паведамлялася, што кіроўцу і транспарт перадалі супрацоўнікам паліцыі для далейшага расследавання.

Падзяліцца: