Улады Беларусі, якія не раскрылі архівы рэпрэсій XX стагоддзя, дзякуюць архівістам за “захаванне гістарычнай памяці”

6 кастрычніка, Позірк. Штодзённая “карпатлівая праца” архівістаў з’яўляецца падмуркам, на якім выхоўваецца моладзь і будуецца “квітнеючая Беларусь”, заявіў міністр юстыцыі Яўген Каваленка, віншуючы 6 кастрычніка прадстаўнікоў гэтай сферы з прафесійным святам.
“Сёння Нацыянальны архіўны фонд становіцца як ніколі блізкім і даступным для нашага грамадства”, — сцвярджае чыноўнік.
Заявіўшы, што 2025 год праходзіць пад знакам “80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, міністр падзякаваў архівістам за “важны ўнёсак у справу захавання гістарычнай праўды”, “выставачныя і выдавецкія праекты”, “актыўную працу з падрастаючым пакаленнем”.
“Толькі той, хто шануе памяць пра мінулае, можа смела і свабодна глядзець у будучыню”, — адзначыў Каваленка.
“Жывым летапісам жыцця беларускага народа”, а таксама “сапраўднай скарбніцай ведаў” і “бясцэннай калектыўнай памяццю, якая сыходзіць каранямі ў глыбіню стагоддзяў”, назвала нацыянальны архіўны фонд старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава.
“Сёння запыт на захаванне гістарычнай праўды, дакладнасці і аб’ектыўнасці прадстаўленых звестак як ніколі высокі, — адзначыла яна ў віншаванні з Днём архівіста. — Дзякуючы прафесіяналізму і адданасці справе супрацоўнікаў архіваў якасна забяспечваецца захаванасць найважнейшых для нашай краіны дакументаў”.
“Асаблівую ўдзячнасць хачу выказаць ветэранам архіўнай справы за добрасумленную і самаадданую працу. Вы заклалі трывалы фундамент для дакументальнага ўвекавечання гістарычнай памяці, мудрасці і каласальнага досведу нашага народа, умацавання нацыянальнай самасвядомасці, культурнага, гістарычнага і грамадзянскага капіталу”, — заявіла Качанава.
Варта адзначыць, што ў Беларусі дагэтуль не адкрытыя архівы КДБ за перыяд рэпрэсій у 1930–1950-х гадах. Гэтая тэма актыўна абмяркоўвалася ў краіне, калі архівы пачалі рассакрэчваць ва Украіне (2015 год) і краінах Балтыі (Літва — 2011 год, Латвія — 2018-ы).
На прэс-канферэнцыі 2 кастрычніка 2024 года дырэктар Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы Андрэй Рыбакоў заявіў, што толькі кіраўнік КДБ будзе прымаць рашэнне пра парадак выкарыстання дакументаў, якія захоўваюцца ў ведамстве.
Такім чынам ён адказаў на пытанне, ці адкрытыя для навукоўцаў і грамадзян краіны архівы Беларусі, у прыватнасці, архіў КДБ за 1930–1949 гады.
Рыбакоў падкрэсліў, што ў адпаведнасці з заканадаўствам рашэнне пра парадак выкарыстання ведамасных дакументаў прымае кіраўнік арганізацыі.
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 6 кастрычніка — 23 лістапада 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, ЭканомікаЛукашэнка скардзіўся Пуціну на нядобрасумленную канкурэнцыю — Круты (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства