Мінск 17:25

Некаторыя задачы праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2030 года “носяць дэкларатыўны характар” — Галоўчанка

Раман Галоўчанка
Ілюстрацыйнае фота: gp.by

6 кастрычніка, Позірк. Пэўную колькасць задач праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026–2030 гады маюць “дастаткова дэкларатыўны характар”, заявіў 6 кастрычніка старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка (на падставе відэазапісу ў тэлеграм-канале Нацбанка).

На першым пасяджэнні адмысловай групы, сфармаванай распараджэннем Аляксандра Лукашэнкі 3 кастрычніка для дапрацоўкі праекта праграмы, кіраўнік Нацбанка падкрэсліў, што “шэраг галіновых задач мае форму працэсу, а не выніку”.

“Фокус зрушаны на працэдуру і крокі, а не на канчатковае дасягненне. І таму вельмі цяжка ацаніць іх выканальнасць. Ну, такія словы, як паскарэнне, падвышэнне і гэтак далей. На наш погляд, аптымальным было б вызначыць некалькі задач у ключавых напрамках, але канкрэтных і тых, што робяць істотны аблічбаваны ўнёсак”, — падкрэсліў спікер, дадаўшы, што тым самым будуць вызначаныя “верхнеўзроўневыя задачы для кожнага праекта”.

Галоўчанка нагадаў, што праграму, якая распрацоўваецца на наступныя пяць гадоў, павінен будзе ўхваліць Усебеларускі народны сход.

Задача створанай групы не ў тым, каб падрыхтаваць новы дакумент, паколькі “канцэпцыю праекта ў цэлым кіраўнік дзяржавы ўзгадніў”, падкрэсліў ён.

“Неабходна зірнуць на выбраныя прыярытэты, напрамкі і задачы комплексна, пад рознымі вугламі. Мэта ў нас адна — зрабіць адзіны дакумент будучага развіцця краіны. І гэты дакумент павінен быць максімальна простым для ўспрымання”, — падсумаваў кіраўнік Нацбанка.

Правядзенне чарговага пасяджэння УНС, на якім мае быць прынятая праграма, запланаваная на канец года, паведаміў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Круты 28 верасня.

23 верасня на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным Лукашэнка паведаміў, што даў даручэнне Галоўчанку стварыць аналітычную групу па эканоміцы ў Нацбанку.

“Хачу, каб вы ведалі, каб не было тут ніякай рэўнасці, — цытавала Лукашэнку яго прэс-служба. — Я папрасіў былога прэм’ера (былых жа не бывае) — малады чалавек, адукаваны, дасведчаны, каб ён (гаворка пра папярэдніка Турчына, 52-гадовага Галоўчанку, які ўзначальваў урад да 10 сакавіка 2025 года. — Позірк.) стварыў групу ў сябе”.

Нацбанк будзе “падсвятляць” Лукашэнку “рэальную карціну і тэндэнцыі, якія складваюцца ў той ці іншай сферы”, заявіў Галоўчанка 26 верасня.

Урад вызначыў пяць прыярытэтаў у праекце праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026–2030 гады, вынікала са слоў міністра эканомікі Юрыя Чабатара.

Гэта арэнднае жыллё, якасныя дарогі, “развіццё праз цыфравізацыю і тэхналагічнасць рэальнага сектара эканомікі”, “моцныя рэгіёны” і турызм (відэа яго адказаў дзяржСМІ апублікавана прэс-службай урада па выніках абмеркавання праекта 18 верасня).

Жыхары Беларусі звязваюць свае чаканні ад новай пяцігодкі з такімі каштоўнасцямі, як “жыллё, сям’я, праца, запатрабаванасць, здароўе, даступнасць і якасць аховы здароўя, працягласць жыцця, якасць жыцця бацькоў”, заявіў дырэктар дзяржаўнага Беларускага інстытута сацыялагічных даследаванняў (БІСД) Алег Макараў у красавіку.

Падзяліцца: