Мінск 11:39

Падпісаны закон, які дазваляе расіянам удзельнічаць у мясцовых выбарах у Беларусі, хаця яны і раней маглі гэта рабіць

15 кастрычніка, Позірк. Закон, які дазваляе расіянам удзельнічаць у мясцовых выбарах, падпісаў 14 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Дакумент ратыфікаваў пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор паміж Беларуссю і Расіяй аб роўных правах грамадзян ад 25 снежня 1998 года.

Адзначаецца, што рэалізацыя закона “дазволіць на ўзаемнай аснове беларускім і расійскім грамадзянам, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі іншай дзяржавы, удзельнічаць у мясцовых выбарах (абіраць і быць абранымі ў органы мясцовага самакіравання)”.

Таксама Лукашэнка падпісаў закон, які ратыфікаваў Пагадненне паміж Беларуссю і Расіяй аб мерах па ўзаемнай абароне грамадзян ад “неабгрунтаванага пераследу замежнымі дзяржавамі і міжнароднымі органамі юстыцыі”.

Яго прадметам “з’яўляецца абарона грамадзян, у тым ліку дзейных або былых службовых асоб, ад неабгрунтаванага пераследу трэцімі бакамі з улікам тэндэнцыі па палітызацыі міжнародных судовых органаў і іншых міжнародных механізмаў крымінальнай юстыцыі”.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 23 ліпеня падпісаў федэральны закон, які дазваляе беларусам удзельнічаць у выбарчых кампаніях на мясцовым узроўні.

Права ўдзельнічаць у мясцовых выбарах ужо было ў грамадзян РФ, якія пражываюць у Беларусі. У прыватнасці, у выбарах, праведзеных у “адзіны дзень галасавання” 25 лютага 2024 года, у спісах выбаршчыкаў на выбарах у мясцовыя саветы налічвалася больш за 95 тыс. расійскіх грамадзян.

Такім чынам, згаданым пратаколам (быў падпісаны прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам у Маскве 13 сакавіка 2025 года) ураўнаваны выбарчыя правы грамадзян дзвюх краін.

7 кастрычніка праект закона “Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і РФ аб мерах па ўзаемнай абароне грамадзян ад неабгрунтаванага пераследу замежнымі дзяржавамі і міжнароднымі органамі юстыцыі” ўхваліў Савет Рэспублікі.

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне назвала дакумент “палітычнай дэкларацыяй”, нагадаўшы, што ў адпаведнасці з арт. 35 Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дагавораў, ніякія дагаворы паміж Беларуссю і Расіяй не ствараюць абавязацельстваў для трэціх краін, дзе “злачынцы двух рэжымаў могуць быць арыштаваны сёння”.

Падзяліцца: