Мінск 17:45

Кардынал Гуджэроцці перадасць уладам Беларусі “словы добразычлівасці” папы рымскага

Кардынал Клаўдыё Гуджэроцці
Архіўнае відэа: Vatican News / стоп-кадр: "Позірк"

18 кастрычніка, Позірк. Папа рымскі Леў XIV афіцыйна прызначыў прэфекта дыкастэрыі па справах усходніх цэркваў кардынала Клаўдыё Гуджэроцці сваім асаблівым пасланнікам на ўрачыстасцях, прымеркаваных да 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі (Брэсцкая вобласць).

З наказу, апублікаванага 18 кастрычніка Залай друку Святога пасада, вынікае, што з просьбай прызначыць “выбітнага кардынала, які б вымавіў словы духоўнага настаўлення на ўрачыстай імшы”, да пантыфіка звярнуўся біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

“Да цябе, шаноўны наш брат, мы звяртаемся, бо табе добра знаёмае пастырскае жыццё таго касцёла, дзе ты працаваў на працягу чатырох гадоў як апостальскі нунцый (у 2011–2015 гадах. — Позірк.), і ты ёсць годным прадстаўніком, каб удзельнічаць у гэтай падзеі і прадставіць там нашу персону, — звярнуўся Леў XIV да кардынала Гуджэроцці. — Таму гэтым лістом мы прызначаем цябе нашым асаблівым пасланнікам на святкаванні стогадовага юбілею заснавання Пінскай дыяцэзіі, якая ўрачыста адбудзецца 25 кастрычніка ў тым горадзе”.

“Ты заклічаш усіх удзельнікаў [урачыстасцяў] да таго, каб <…> яны добраахвотна імкнуліся да Творцы — першакрыніцы праўды і найвышэйшага дабра. Біскупа Пінскага, іншых святароў, святароў, манахаў і манашак, а таксама свецкіх хрысціянаў ты прывітаеш ад нашага імя. Словы нашай добразычлівасці мы таксама хочам адрасаваць грамадзянскім уладам і ўсім, хто з руплівасцю разважае пра панятак рэлігійнай свабоды, сапраўдны шляху да міру і шчырае дабро чалавечай асобы”, — надаў наказ свайго пасланніку пантыфік.

Пра тое, што Гуджэроцці на наступным тыдні возьме ўдзел ва ўрачыстасцях, з нагоды векавога юбілею Пінскай дыяцэзіі, напярэдадні згадала Міністэрства замежных спраў Беларусі, паведамляючы пра сустрэчу амбасадара пры Святым пасадзе Юрыя Амбразевіча з кардыналам.

Адзначалася, што на сустрэчы “бакі абмеркавалі актуальныя пытанні ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Святым пасадам па напрамках, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі кардынала Гуджэроцці”. Амбразевіч перадаў кардыналу падарунак і “арыгінал асабістага паслання” Аляксандра Лукашэнкі на адрас Льва XIV з нагоды яго 70-годдзя (14 верасня).

16 кастрычніка старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі перадаў пантыфіку падчас прыватнай аўдыенцыі афіцыйнае пісьмовае запрашэнне наведаць Беларусь “ад імя бускупства, духавенства і ўсіх вернікаў краіны”.

Паведамлялася, што на аўдыенцыі “беларуская дэлегацыя ўзняла шэраг вострых пытанняў, якія хвалююць вернікаў”.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года стасункі паміж уладамі ў Мінску і Рымска-каталіцкім касцёлам у Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўслед за масавымі пратэстамі. Некаторыя святары прайшлі праз затрыманні, суды і арышты з палітычных матываў, асобныя былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

Ад пачатку восені 2020 года па 25 верасня 2025-га, паводле даных ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з рэпрэсіямі ў Беларусі ў той ці іншай форме сутыкнуўся 91 хрысціянскі служыцель, у тым ліку прадстаўнікі Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі — 35, Беларускай грэка-каталіцкай царквы — 5, а таксама адзін замежны манах — польскі кармеліт Гжэгаж Гавел.

Цяпер рэжым Лукашэнкі ўсяляк спрабуе прадэманстраваць нармалізацыю стасункаў як з касцёлам у Беларусі, так і з сусветным каталіцызмам у цэлым. Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі пра блізкасць пазіцый Мінска і Ватыкана. Шэраг экспертаў мяркуе, што рэжым выкарыстоўвае кантакты са Святым пасадам для наладжвання дыялогу з Захадам у цэлым.

Гл. таксама:

Лукашэнка нацэліўся на Святы пасад? (на рускай мове)

Падзяліцца: