Мінск 12:48

Дрон з 750 пачкамі беларускіх цыгарэт перахоплены ў Літве, яго шукалі са службовым сабакам

Фота: САДМ

19 кастрычніка, Позірк. Аб чарговым перахопленым беспілотніку з кантрабанднымі беларускімі цыгарэтамі паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМ).

БПЛА знойдзены ў Вільнюскім раёне, ён пераносіў 750 пачкаў цыгарэт “NZ Gold”. Сёлета САДМ “перахапіла каля паўсотні такіх дронаў, якія выкарыстоўваліся для перавозкі нелегальных цыгарэт з Беларусі”, гаворыцца ў паведамленні.

Удакладняецца, што літоўскія памежнікі прызямлілі беспілотнік з дапамогай “службовага антыдрону”.

“Пасля выкарыстання перахопніка дронаў менш чым праз хвіліну пачулася, як ламаюцца галіны дрэў, а рухавікі дрона заглухлі. Супрацоўнікі САДМ выказалі здагадку, што дрон мог зваліцца прыкладна за 200 метраў ад вёскі Дэмбіна, у лясіста-балоцістай мясцовасці ў бок вёскі Шалькішкяй. Выявіць дрон з дапамогай партатыўнага цеплавізара не ўдалося, паколькі мясцовасць была густа пакрыта дрэвамі”, — адзначае памежная служба.

Пазней БПЛА быў знойдзены “з дапамогай дрона і службовага сабакі”.

“Кошт гэтых цыгарэт, уключаючы ўсе падаткі, якія падлягаюць выплаце ў Літве, склаў 3.892 еўра”, — адзначыла САДМ.

Суседнія з Беларуссю краіны ЕС рэгулярна паведамляюць аб перахопе дронаў з кантрабанднымі беларускімі цыгарэтамі. 11 кастрычніка памежная служба Ліўты паведаміла, што з пачатку 2025 года было перахоплена 47 дронаў з Беларусі, якія транспартавалі кантрабандныя цыгарэты.

Падзяліцца: