Работнікі МНС атрымалі права надглядаць грамадзян на сваіх аб’ектах

21 кастрычніка, Позірк. Работнікам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях нададзеныя правы, якія ўрад вызначыў для ваенізаванай аховы. Норма замацаваная законам “Аб змене законаў па пытаннях дзейнасці органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях”, апублікаваным 21 кастрычніка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
З дакумента вынікае, што работнікі МНС цяпер маюць права праводзіць асабісты надгляд грамадзян (у тым ліку маёмасці пры іх), а таксама транспартных сродкаў (і рэчаў у іх), якія праходзяць або праязджаюць на аб’екты органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях. Пры гэтым яны могуць выкарыстоўваць “спецыяльныя тэхнічныя сродкі, тэхнічныя сродкі, што ажыццяўляюць гука- і відэазапіс”.
У грамадзян, якія прыбываюць на аб’екты структур па надзвычайных сітуацыях, прадстаўнікі ведамства могуць правяраць дакументы, якія пацвярджаюць асобу; дакументы, якія даюць права на ўваход і выхад асоб, уезд і выезд транспарту, унос і ўвоз, а таксама вынас і вываз маёмасці.
Работнікі МНС таксама могуць “забіраць на часовае захоўванне” прадметы, якія забаронена праносіць або правозіць на згаданыя аб’екты.
Пры выкананні задач, “ускладзеных на органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях”, прадстаўнікі ведамства раней у выпадку неабходнасці маглі ўжываць фізічную сілу, а цяпер яшчэ і спецыяльныя сродкі.
Да таго, як прымяніць сілу і спецсродкі, работнік МНС павінен “дакладна і відавочна” папярэдзіць пра намер пайсці на такі крок і даць дастаткова часу, каб яго патрабаванні былі выкананыя. Выключэнне — выпадкі, калі прамаруджванне “створыць непасрэдную небяспеку для жыцця работніка <…>, іншых грамадзян або можа пацягнуць іншыя цяжкія наступствы”.
Ва ўсіх выпадках, калі пазбегнуць выкарыстання сілы, спецсродкаў або зброі немагчыма, работнік абавязаны “імкнуцца нанесці найменшую шкоду жыццю, здароўю, гонару, годнасці і маёмасці грамадзян, а таксама зрабіць захады па неадкладным аказанні пацярпелым першай ды іншай неабходнай дапамогі”.
Палата прадстаўнікоў прыняла адпаведны законапраект 3 кастрычніка. Тады член камісіі ПП па нацыянальнай бяспецы Анатоль Булаўка заявіў дэпутатам, што галоўная мэта дакумента — падвысіць бяспеку грамадзян і “ўзмацніць эфектыўнасць дзейнасці” органаў па НС.
7 кастрычніка праект закона ўхваліў Савет Рэспублікі. Прадстаўляючы дакумент, кіраўнік камісіі СР па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Алейнік сярод іншага паведаміў, што законапраект скіраваны “на ўдасканаленне прававога рэгулявання грамадскіх дачыненняў у сферы дзейнасці” МНС.
Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон 16 кастрычніка.
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 21 кастрычніка — 30 лістапада 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- ЭканомікаТолькі ў Гомельскай і Гродзенскай абласцях за месяц палепшыліся паказчыкі ВРПМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаЗа дзевяць месяцаў гадавы план па будаўніцтве жылля выкананы на 65,4% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка