Мінск 16:48

РФ не адмовілася ад планаў выкарыстаць Беларусь супраць Польшчы і краін Балтыі — выведка Украіны

Фрагмент мапы: freeworldmaps.net

21 кастрычніка, Позірк. Расія працягвае рыхтавацца да магчымага канфлікту з Польшчай і краінамі Балтыі з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, заявіў 20 кастрычніка намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення выведкі (ГУВ) Міністэрства абароны Украіны Вадзім Скібіцкі.

На форуме “Энергія, якая падтрымлівае Украіну”, арганізаваным медыя РБК-Украіна, прадстаўнік ведамства адзначыў, што вывдка “пастаянна маніторыць” сітуацыю на беларускай тэрыторыі, звязаную з вайсковай актыўнасцю ўзброеных сіл Беларусі і РФ.

“Цяпер актыўнасці або магутных груповак мы не фіксуем. І гэта станоўча. Узровень пагрозы застаецца на нізкім узроўні”, — цытуе Скібіцкага інфармагенцтва “Укрінформ”.

Разам з тым, паводле яго слоў, Расія “не адмовілася ад планаў выкарыстаць беларускую тэрыторыю ў сваіх ваенных мэтах”.

Стратэгічныя беларуска-расійскія вучэнні “Захад-2025”, якія прайшлі сёлета ў верасні, лічыць прадстаўнік украінскай выведкі, прадэманстравалі, што РФ “сапраўды рыхтуецца да магчымага канфлікту”.

“Гэта правядзенне рознага роду аперацый не толькі супраць Украіны, але і супраць краін Балтыі, Паўночнай Еўропы і перш за ўсё Польшчы”, — адзначыў намеснік кіраўніка ведамства.

У жніўні начальнік ГУВ Кірыл Буданаў падкрэсліваў, што Аляксандр Лукашэнка на гэты момант “не згодны даць Расіі калідор для паўторнага наступу на Украіну з поўначы”.

29 жніўня начальнік Генштаба арміі Літвы Раймундас Вайкшнарас заявіў, што пасля інцыдэнту з дронам “Гербера”, які прыляцеў на тэрыторыю краіны з Беларусі, Вільнюс перакінуў сістэмы СПА блізкага радыусу дзеяння бліжэй да беларускай мяжы.

Літва, Латвія, Эстонія, Польшча вышлі з Атаўскай канвенцыі, каб была магчымасць размясціць на сваіх усходніх межах супрацьпяхотныя міны.

Падзяліцца: